Сёння Беларусь перайшла на новыя грошы

1 Ліпеня 2016

Паводле ацэнак спецыялістаў, дэнамінацыя праходзіць у краіне спакойна і арганізавана.

Новыя купюры ўжо з'явіліся ў кашальку шматлікіх беларусаў. У абарачэнне ўвайшлі 7 наміналаў банкнот і 8 разнавіднасцяў манет. Зняць наяўнасць можна ў кожным трэцім банкамаце. У асноўным гэта купюры на 5, 10 і 20 рублёў. А ў некаторыя загрузілі і 100-рублёвыя. Самыя буйныя - наміналам на 200 і 500 рублёў - атрымаць можна толькі ў касах Нацбанка па заяве.

У Магілёўскай вобласці ўжо ў 10 гадзін раніцы амаль 60% банкаматаў Беларусбанка пачалі выдачу новых грошай. Самымі папулярнымі таварамі сталі змяшчальныя партмане, у якіх прадугледжаныя аддзяленні для манет. Усе гандлёвыя аб'екты працуюць у звычайным рэжыме - можна разлічыцца і старымі, і новымі грашыма, а таксама карткамі банкаў.

Лілія Сахно, начальнік цэнтра рознічнага бізнесу ААТ "АСБ "Беларусбанк": "Працуюць абменныя пункты, у нас на чыгуначным вакзале кругласутачны абменны пункт сёння ў 2 гадзіны ночы пачаў працу. Можна было ўжо здзейсніць валютна-абменныя аперацыі. І з 2 гадзін ночы мы абслугоўвалі грамадзян новымі грашовымі сродкамі".

Нагадаем, старыя грошы будуць ужывацца да канца года.