Зроблена ў Беларусі, але паводле італьянскай тэхналогіі

3 февраля 2014

Унікальны малочны камбінат працуе на Палессі ўжо амаль год. Прадпрыемства ўжо назвалі ідэальнай вытворчасцю. Бо яно сучаснае, безадыходнае і, што важна, імпартазамяшчальнае. Зараз італьянскую мацарэлу могуць купляць і ў беларускай глыбінцы.


Якасць нашых сыроў паводле італьянскай тэхналогіі ацаніла Вольга Халадовіч.


Мацарэла, скаморца, маскарпоне, рыкота - гучыць, як музыка. Беларускія сыры паводле італьянскіх тэхналогій у Тураве пачалі выпускаць у маі мінулага года. І амаль адразу стала зразумела: айчынны спажывец ведае, што рабіць з сырамі паста філата.


Вось так павінен выглядаць склад сучаснага эканамічна паспяховага прадпрыемства. Тут - толькі сутачная норма прадукцыі. Усё ўжо гатовае да адгрузкі, і да вечара сыроў тут не будзе.


Гэты камбінат пабудавалі з нуля ўсяго за тры гады. Агульная сума інвестыцый - каля 60 мільёнаў еўра. Стаўка на сучасныя тэхналогіі і майстар-клас ад саміх італьянцаў. Раберта Пьяца дзеліцца з беларускімі сыраробамі традыцыйнымі рэцэптамі вытворчасці прадукта ад самага адкрыцця прадпрыемства.


Усе працэсы ў цэхах аўтаматызаваныя, спецыялісты ў асноўным назіраюць за параметрамі электронікі. Сярэдняя зарплата на пачатак года не саступае сталічнай. І гэта адна з прычын таго, што малочны камбінат стаў для Турава горадаўтваральным.


Вольга Луцко, першы намеснік дырэктара прадпрыемства: Не толькі для Турава, але і для Жыткавіцкага раёна ў цэлым. Таму што сярэднеспісавая колькасць на сёння 225 чалавек, гэта каласальны аб'ём для гэтага рэгіёну, Тураў наогул невялікае мястэчка. У нас працуюць людзі з Турава, з Жыткавічаў і раёна. Мы людзей навучаем, асноўны склад - гэта людзі маладыя да 40 гадоў.


Для эфектыўнага бізнесу тут ёсць усё. Нават сыроватку - пабочны прадукт вытворчасці - ператвараюць у рыкоту. А іншыя тэхналогіі, ужо з галіны маркетынгу, дазваляюць падпісваць кантракты не толькі з беларускімі, але і з замежнымі пастаўшчыкамі. Тураўскі сыр ужо ведаюць у Калінінградзе і Санкт-Пецярбургу. Пашырыць геаграфію паставак рэальна, але ўжо з запускам новых ліній.