Шукаць нафту ў Беларусі дапаможа замежная кампанія з сусветным імем. У Мінпрыроды пачаліся перамовы з французскай "Шлюмбержэ" - адной з найбуйнейшых у сферы распрацоўкі вуглевадародаў. Яна прапануе выкарыстаць свае найноўшыя тэхналогіі і вопыт у правядзенні геолагаразведак. Дзе будуць шукаць чорнае золата, высвятляла Вераніка Бута.
Добра вывучаная тэрыторыя Прыпяцкага прагібу дае адно-два радовішчы за год. На жаль, запасы нафты ў іх малыя. З прапановай дапамагчы ў пошуках новых залежаў звярнулася найбуйнейшая сэрвісная кампанія ў нафтагазавым сектары "Шлюмбержэ". Яе штаб-кватэры размешчаны ў Парыжы і Х'юстане. Перамовы праходзяць паспяхова: вырашана стварыць рабочую групу, якая падрыхтуе ўсе прапановы.
Андрэй Каўхута, Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Прапаноў было даволі шмат, прапаноў аб супрацоўніцтве. Па-першае, прымяненне нейкіх іх распрацовак і нават, магчыма, стварэнне структуры, якая магла б супрацоўнічаць з "Шлюмбержэ" больш мэтанакіравана".
Супрацоўніцтва з кампаніяй можа быць вельмі дарэчы. Нагадаю, летам Прэзідэнт Беларусі даў даручэнне Міністэрству прыродных рэсурсаў значна актывізаваць геолагаразведвальныя работы.
Сёння адкрыта 81 радовішча нафты. Але аб'ёмы здабычы не задавальняюць краіну.
Магчымымі нафтаперспектыўнымі раёнамі Беларусі навукоўцы лічаць Аршанскую і Падляска-Брэсцкую ўпадзіны. Гэта паўночны ўсход і паўднёвы захад краіны. Навукоўцы кіруюцца прынцыпам аналогіі: на такіх структурах, як правіла, сустракаюцца радовішчы вуглевадародаў. Пакуль даследаванні поспехам не ўвянчаліся. Магчыма, у тандэме геолагаразведка будзе больш эфектыўнай.
Новыя падыходы і сучасныя тэхналогіі, якімі валодае "Шлюмбержэ", могуць быць выкарыстаны менавіта ў гэтых раёнах. А пакуль самастойна геолагі адшукалі новае радовішча нафты на Гомельшчыне, у рэгіёне, дзе ўжо, здавалася б, усё даўно даследавана.
Матэрыял будзе паступаць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Нехарактэрны зялёны колер гаворыць пра высокую якасць нафты. Яна значна лягчэйшая і без дамешак у параўнанні з расійскай Urals і амерыканскай WTI. Беларускую ў бак можна заліваць прама са свідравіны, жартуе дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі.
Уладзімір Коркін, дырэктар НПЦ па геалогіі: "Яе прыродны склад дазваляе выкарыстоўваць у якасці дызельнага паліва без папярэдняй падрыхтоўкі. Ну, гэта, вядома, некалькі ўмоўна, але сам яе склад гаворыць аб тым, што з гэтай нафтай лёгка працаваць, лёгка даводзіць яе да спажыўца ў адрозненне ад узораў іншых радовішчаў".
Здабытая ў Беларусі нафта перакрывае толькі траціну патрэбнасцяў краіны. Сёлета плануюць здабыць прыкладна паўтара мільёна тон чорнага золата.
Узняць нафтаздабычу ў некалькі разоў разлічваюць з дапамогай замежных партнёраў. На першых перамовах у Мінску спецыялісты ацанілі ўзровень беларускіх геолагаў.













