Зборачную вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ у В'етнаме плануецца запусціць ужо ў лістападзе

28 июня 2017

Сёння ўзвядзенне завода на стадыі падмурка.

Пра гэта паведаміла кіраўніцтва мінскага аўтагіганта, калі прымала в'етнамскую дэлегацыю. На адкрытай пляцоўцы прадпрыемства гасцям паказалі лепшыя ўзоры аўтатэхнікі ад найбуйнейшых вытворцаў Беларусі.

Напярэдадні партнёры на самым высокім узроўні пацвердзілі намер не проста прыгледзецца да беларускіх машын, але і ствараць сумесныя праекты. У планах - зборка не толькі грузавікоў, але і пасажырскіх аўтобусаў.

Фам Бінь Мінь, намеснік прэм'ер-міністра В'етнама: "Сумеснае прадпрыемства нашых краін - гэта яркі прыклад паспяховай працы і аснова будучых выгадных кантрактаў. Нам цікавыя мадэлі, якія адпавядаюць нашым умовам - гэта малагабарытныя трактары, а таксама аўтобусы. Мы ведаем, што вы гатовыя распрацаваць спецыяльныя мадэлі ўборачнай тэхнікі для нашага рынку. Мы прапануем выгадныя ўмовы супрацоўніцтва".

Дзмітрый Кацярыніч, гендырэктар ААТ "МАЗ": "Гэта наша будучыня на найбліжэйшыя як мінімум пяць гадоў. Мы атрымалі квоту без мыт пастаўляць поўнасабраную тэхніку на працягу трох гадоў. І на працягу трох гадоў мы можам паставіць 750 аўто без мыт. Ва ўсім свеце гэты рынак вельмі абаронены і мыты вельмі высокія. Я лічу, што гэта вельмі вялікая прэферэнцыя з боку В'етнама для МАЗа".

Запуск вытворчасці дазволіць збіраць у В'етнаме каля тысячы грузавых машын за год. Праект адкрые дарогу для бязмытнай пастаўкі тэхнікі не толькі ў В'етнам, але і іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, якія ўваходзяць у аб'яднанне АСЕАН. А гэта рынак на 600 мільёнаў чалавек.