Самы вялікі ў свеце аўтамабіль збяруць у Жодзіне

23 января 2013


Яго грузападымальнасць 450 тон. Такога самазвала пакуль няма ні ў кога. На Беларускім аўтамабільным мадэрнізацыю пачалі яшчэ два гады назад: паставілі новыя лініі, з'явілася і новая прадукцыя. У 2013-ым на заводзе збіраюцца, як кажуць, выйсці на пік. Сума ўнутраных інвестыцый на абнаўленне - амаль трыльён рублёў. На ўжо наяўных вытворчасцях з'явяцца цэлыя тэхналагічныя лініі, прасцей - машыны будучыні.
З ходам мадэрнізацыі, гавораць на прадпрыемстве, будзе расці і прадуктыўнасць працы, а значыць і зарплата. Сярэдняя па беларускім аўтамабільным сёння - 6 мільёнаў. Ужо праз тры гады аб'ёмы вытворчасці павінны вырасці амаль на чвэрць.
У рамках мадэрнізацыі на БелАЗе ўсталявалі і новую тэхналагічную лінію. Вось гэты станок, напрыклад, купілі ў Германіі. Калі раней, каб вырабіць неабходную дэталь, патрэбна было 8 гадзін, то зараз хапае гадзіны.
Закупляюць і станкі з маркай Зроблена ў Беларусі, бо кампаніі-станкабудаўнікі таксама абнаўляюцца і павышаюць якасць.
Тэма мадэрнізацыі гучала не раз і на галоўнай медыя-падзеі. Больш за тое, шматлікія журналісты менавіта на нядаўняй прэс-канферэнцыі Прэзідэнта даведаліся, што Беларускі аўтамабільны завод рыхтуецца выйсці на рынак з самым вялікім на сёння самазвалам у свеце.
Новыя цэхі ўжо пабудавалі. Засталося ўсталяваць абсталяванне. Тут з'явяцца і першыя ў краіне краны грузападымальнасцю сто тон. Новы цэх абуладкаваны так, што пасля зборкі 450-тоннік будзе адразу выязджаць на выпрабавальны палігон. Каб умацаваць пляцоўку для такой машыны, спецыяльна выклікалі свідроўшчыкаў з Італіі. Зараз на аб'екце працуюць 200 будаўнікоў. Новую машыну абяцаюць прэзентаваць ужо летам.
Такая мадэль зменіць правілы гульні на рынку звышмагутных машын, бо заказы на яе ўжо распісаныя на месяц наперад. Цікавасць пакупнікоў тлумачаць эканоміяй. Кар'еры з кожным годам становяцца глыбейшыя, а значыць, патрэбны самазвалы са звышгрузападымальнасцю. Гавораць, новая мадэль з беларускай маркай зрабіла фурор, яшчэ не сыдучы з канвеера: цікавасць да самай вялікай ў свеце машыны ўжо праявілі канструктарскія бюро кампаній - канкурэнтаў з Японіі і ЗША.