Садаводы Мінскай вобласці пачалі ўборку яблыкаў і груш

31 августа 2017

Аграрыі падкрэсліваюць: сёлета надвор'е не надта спрыяла добраму ўраджаю – вясновыя замаразкі прыпалі на цвіценне садоў, затым дажджлівы пачатак лета, а ад гарачага ліпеньскага сонца некаторыя расліны нават атрымалі апёкі.

І ўсё ж спецыялісты плануюць сабраць каля 15 тысяч тон вітаміннай прадукцыі. Аляксандр Харавец зазірнуў у адзін з самых вялікіх садоў цэнтральнага рэгіёна.

400 гектараў. І ўсе пад сад. Сярод такой колькасці разнастайных пладовых дрэў можна і згубіцца. Але не Аляксандру Балдзісаву. 10 гадоў таму аграном залажыў першыя плантацыі яблынь і груш. Сёння нават з першага разу і не ўспомніць, колькі тут гатункаў тых ці іншых раслін. Але за тэхналогіяй апрацоўкі і зборам садавіны сочыць асобна.

Садавод прызнаецца: капрызнае надвор'е сёлета мінула іх плантацыі. І вясеннія замаразкі не закранулі расліны. А таму можна разлічваць на нядрэнны ураджай. З 18 гектараў плануюць сабраць не менш як 150 тон груш. Столькі ж, як і летась.

Збор ураджаю – асобная навука, сцвярджае Наталля Сяўрук. За 30 гадоў працы яе ўжо цяжка здзівіць інавацыйнымі тэхналогіямі. Жанчына прызнаецца: лепш чым чалавек, ніякая тэхніка не зможа сарваць яблык ці грушу. Таму ручная праца хаця і больш павольная, аднак захаванне вітаміннай прадукцыі павялічваецца.

Пад яблыневыя сады адвялі больш за 200 гектараў. "Поспех", "Антэй", "Весяліна", "Голдэн міленіум" - усе гатункі, а іх больш за 30, як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Дрэвы прыстасаваныя да кліматычных умоў Беларусі і ў першы год пладанашэння даюць ураджай да 10 кілаграмаў.

З саду свежы прадукт адпраўляецца ў спецыяльныя сховішчы.

Пастаянны тэмпературны рэжым плюс 3-4 градусы і вентыляцыя. Гэта лепшыя ўмовы для захоўвання яблыкаў. У такіх камерах вітамінны прадукт можа праляжаць і да наступнага ўраджаю. Аднак зараз яблыкі тут надоўга не затрымліваюцца. Літаральна кожны дзень ідзе адгрузка ў гандлёвыя сеткі.

Спецыялісты падкрэсліваюць: ураджай сёлета будзе крыху меншы, чым летась. У цэлым плануюць сабраць каля 15 тысяч тон. Што ж тычыцца цэн, то сур'ёзных скачкоў аграрыі не прагназуюць.