Рыбгасы Мінскай вобласці пачынаюць масавы вылаў таварнай рыбы

3 ноября 2015

Традыцыйна свежую прадукцыю і паўфабрыкаты прапаноўваюць прадпрыемствы Любанскага і Чэрвеньскага раёнаў. У апошнім сёлета плануюць нарыхтаваць паўтары тысячы тон рыбы. Дзе жыхары Мінскай вобласці могуць набыць яе, раскажа Аляксандр Харавец.

У гэтай гаспадарцы рыбу ловяць не вудамі. А кранамі. Улоў важаць не кілаграмамі, а тонамі. За адзін такі заход у рыбацкія сеткі трапляе каля 10 тон адборнага карпа, таўсталобіка і нават шчупака. Паводле слоў Дзмітрыя Пыжа, гэта сапраўдная знаходка для заўзятага рыбака.

З сажалкі рыба трапляе на сартавальны стол. Карпаў адбіраюць на памер і вагу. У такім струмені калектыўнага ўлову кожны рыбавод ганарыцца сваім – персанальным.

Пасля гэтага жывая рыба ў спецыяльна прыстасаваных грузавіках адпраўляецца ў падарожжа па раёнах Мінскай вобласці. Каб літаральна праз чатыры гадзіны трапіць у рукі гаспадынь.

Аднак першымі якасць выгадаванай прадукцыі ацэньваюць самі рыбаводы. Штодзень Тамара Лычкоўская гатуе юшку паводле рэцэптаў, якія ёй дасталіся яшчэ ад маці.

Частку ўлову адпраўляюць у цэх перапрацоўкі. Акрамя жывой рыбы, на прадпрыемстве вырабляюць і паўфабрыкаты. Асабліва даспадобы гурманам прыйшліся вэнджаныя карп і таўсталобік. І цяпер штодзень з цэхаў на прылаўкі магазінаў рыбаводы пастаўляюць каля тоны натуральнай прадукцыі.

Водныя ўгоддзі гэтага прадпрыемства - амаль паўтары тысячы гектараў роўнядзі. Сёлета тут плануюць вылавіць амаль дзве тоны таварнай рыбы. Цана ад вытворцаў спажыўцоў задавольвае.

Уся прадукцыя рыбгасаў Цэнтральнага рэгіёна даступная ў сталіцы на традыцыйных кірмашах. А самая вялікая “рыбалка” чакае ўсіх 14 і 15 лістапада на пляцоўцы ля Палаца спорту. Там разгорнецца спецыялізаваны кірмаш “Рыба Беларусі”.