Кіраўніцтва Нацбанка азначыла арыенціры ў грашова-крэдытнай палітыцы

3 мая 2019
Стаўка рэфінансавання, узровень інфляцыі і курс беларускага рубля.  Кіраўніцтва Нацбанка азначыла арыенціры ў грашова-крэдытнай палітыцы. Сёння прайшло планавае пасяджэнне праўлення  Нацыянальнага банка.

Пазней адбыўся брыфінг для журналістаў. Што зменіцца ў фінансавым клімаце краіны,  расказвае  Яўген  Калаўр.

Ні больш ні менш. Стаўка рэфінансавання да жніўня гэтага года застанецца нязменнай на адзнацы  10 %. Аб гэтым  падчас брыфінгу ў сценах Нацбанка заявіў старшыня праўлення рэгулятара  Павел Калаўр. Захаванне стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні будзе спрыяць запаволенню інфляцыйных працэсаў у 2019 годзе. 

Рашэнне рэгулятара вытлумачальна. Інфляцыю ў пачатку цяперашняга года раскалыхвалі: рост спажывецкіх цэн  на фоне нізкага ўраджаю, павышэнні кошту паліва, росту заработнай платы, якая істотна апераджае прадукцыйнасць працы. 

Курс беларускага рубля захавае сваю стабільнасць. Так за першы квартал гэтага  года  каціроўкі нацыянальнай валюты ў дачыненні да долара фактычна не змяніліся. Што ў сваю чаргу спрыяла захаванню цэнавай канкурэнтаздольнасці айчынных вытворцаў. 

Што да  ставак па крэдытах,  рэгулятар не бачыць прычын для іх павышэння. Фундаментальных фактараў, якія  падштурхоўвалі б  банкі да такіх рашэнняў, сёння няма. Цяперашні ўзровень працэнтных ставак адпавядае бягучай эканамічнай сітуацыі, падкрэслілі ў Нацбанку. Акрамя таго,  зараз Нацыянальны банк не мае намеру прымаць рэзкія рашэнні па абмежаванні спажывецкага крэдытавання. 

У цэлым  набліжэнне інфляцыі да мэтавага ўзроўню, а гэта не вышэй за 5 % у гадавым выражэнні, рэгулятар чакае да канца гэтага года.  Што да  знешнеэканамічнага асяроддзя, то нявызначанасці і рызыкі, якія могуць аказаць уплыў на інфляцыю ў Беларусі, крыху  паменшыліся. Гэта адносіцца,  перш за ўсё,  да імпартуемай інфляцыі з Расіі.

Наступнае пасяджэнне па грашова-крэдытнай палітыцы, дзе, імаверна,  ізноў на парадку дня будзе змена стаўкі рэфінансавання, пройдзе ўжо ў жніўні.