Рубрыка Капітал

23 января 2014

Прэч папяровыя грошы, дарогу пластыкавым карткам! Гарадскія ўлады працягваюць актыўную работу па павышэнні фінансавай граматнасці мінчан. Над гэтым старанна працуюць і банкі - нацыянальны і камерцыйныя. Па ўсім Мінску вісяць плакаты, якія заклікаюць адказна ставіцца да грошай.


Наш карэспандэнт Якаў Бута даведаўся, што трэба для таго, каб не страціць свой капітал.


У Мінску пластыкавымі карткамі разлічваюцца толькі за кожную пятую пакупку. За апошні год гэты паказчык вырас усяго на 4%. Гарадскія ўлады такімі тэмпамі незадаволеныя і заклікаюць гараджан адмаўляцца ад наяўных грошай.


Толькі за мінулы год у Мінску ўсталявалі больш за тры тысячы безнаяўных тэрміналаў. Усяго ў горадзе на сённяшні дзень іх амаль 20 тысяч. Гэта чацвёртая частка ад усіх тэрміналаў у краіне. Разлічыцца карткай можна ўжо не толькі практычна ва ўсіх магазінах і кафэ, але нават у некаторых машынах таксі. Але пакуль большасць мінчан усё ж такі аддае перавагу папяровым грошам.


Расплачвацца пластыкам, правільна выбіраць крэдыты і наогул - правільна распараджацца асабістымі фінансамі актыўна вучаць у Маладзёжнай сацыяльнай службе. Сюды пастаянна прыязджаюць групы школьнікаў і студэнтаў. Кансультуюць і прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў.


Вось такія білборды можна ўбачыць зараз па ўсёй сталіцы. Па ініцыятыве Нацбанка, у работу па павышэнні эканамічнай кампетэнтнасці мінчан актыўна ўключыліся ўсе камерцыйныя банкі. Сёлета з'явіцца і адзіны інтэрнэт-партал па фінансавай граматнасці.