Выпрабавана на сяле. Цяплічны камбінат

17 января 2018

Працягваем нашу рубрыку "Выпрабавана на сяле". Сёння пабываем там, дзе заўсёды лета, дзе круглы год спеюць клубніцы, распускаюцца кветкі і збіраюць агародніну, - у цяпліцах. "Бярэсце" - адзіны цяплічны камбінат у Беларусі, дзе вырошчваюць агародніну і зеляніну па незвычайнай тэхналогіі, выкарыстоўваючы бессубстратны метад. Такі спосаб дазваляе знізіць сабекошт прадукцыі ў 6 разоў. А ў цяпліцах "ДарОрс" Мінскага раёна і зімой можна паспрабаваць спелыя клубніцы. Вікторыя Патоня з падрабязнасцямі.

Гэта адзіны ў краіне ўчастак, дзе нават зімой у закрытым грунце спеюць клубніцы. Галандскі сорт "эльсанта" напаўняе водарам цяпліцу. Ад халоднага надвор'я ягаду абараняе энергазберагальнае шкло і такія ж тэхналогіі. Растуць клубнічныя кусты ў звычайных вазонах з торфам. Аўтаматычны толькі паліў. У астатнім выключна ручная праца.

Збіраюць ураджай двойчы за год. Плантацыя хоць і невялікая (паўгектара), але дае каля 40 тысяч тон духмянай ягады. Тут пераконваюць: клубніцы - экалагічна чысты прадукт, без хімічнай апрацоўкі. Прадаецца ягада пакуль толькі па Беларусі.

А ў гэтым цэху ад салатавай зеляніны б'е ў вочы. На лініі, дзе вырошчваюць пятрушку, базілік, рукалу, вясна круглы год. Спецыяльныя лямпы падаўжаюць дзень, каб расліны за 30 сутак парадавалі ўраджаем. Тэхналогія - фінская, праточная. Расце зеляніна ў вазонах з торфам і знаходзіцца ў спецыяльных палетах.

Нэлі Міранчук - спецыяліст па агародніне з 30-гадовым стажам. Прызнаецца, праца ў цяпліцах - у радасць. Пад яе кантролем 18 сотак з агуркамі галандскай селекцыі.

На прадпрыемстве амаль 20 гектараў зямлі. Зімой працуюць у цяпліцах, летам - і на адкрытым грунце. Тут спецыялізуюцца на вырошчванні таматаў і агуркоў. 30 % прадукцыі ідзе на экспарт, у асноўным у Расію. У пачатку 21 стагоддзя "Бярэсце" распрацавала і запатэнтавала тэхналогію бессубстратнага метаду. Гэта дазволіла знізіць сабекошт прадукцыі ў разы за кошт энергазберагальных матэрыялаў: плёнкі і пенапалістыролу.

Ніякай апрацоўкі хімічнымі прэпаратамі - сцвярджаюць аграномы. Нават у барацьбе са шкоднікамі на раслінах тут выкарыстаюць біяметады.

На прадпрыемстве таксама вырошчваюць кветкі. За год зразаюць больш за 50 тысяч руж. Зараз расліны ў стане спакою, але бліжэй да вясны тут ізноў пачнуць ашукваць прыроду. Зменяць тэмпературна-вільготны рэжым, павялічаць светлавы дзень, каб да пачатку сакавіка ў цяпліцах кветкі зайгралі ўсімі фарбамі.

На кожнай лініі - кропельны паліў. А эканоміць на падагрэве вады тут дазваляе ўласная тэрмальная крыніца.

Беларусь цалкам забяспечвае сябе цяплічнай вітаміннай прадукцыяй. Сёння ў стабфонд краіны закладзена 16 з паловай тысяч тон агародніны.

Беларускія аграрыі навучыліся збіраць ураджай круглы год. Вырошчваюць перцы, баклажаны, зеляніну, кветкі і нават кавуны. І духмяныя клубніцы на стале зімой ўжо не мара, а рэальнасць.