Выпрабавана на сяле. Вытворчасць імператарскага грыба шыітаке

12 января 2018

Шыітаке ўтрымлівае максімум карысных і неабходных чалавечаму арганізму рэчываў, а яшчэ валодае незвычайнымі смакавымі якасцямі. У Беларусі яго прамысловай вытворчасцю займаюцца на Даманавіцкім заводзе для сушкі агародніны. Тут выпускаюць некалькі відаў прадукцыі з выкарыстаннем грыбоў вёшанка і шыітаке. Іх сушаць, марынуюць, засольваюць і нават выкарыстоўваюць як інгрэдыент для прыгатавання кетчупу. Сёння шыітаке беларускай вытворчасці ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Вольга Халадовіч больш падрабязна.

Ім патрэбныя чыстае паветра і стэрыльныя ўмовы. А рост шыітаке пачынаецца ў спецыяльных блоках з сумесі пілавіння, мелу, вотруб'я і вады. Працэс доўгі і працаёмкі.

Тут у спецыяльных умовах грыбы растуць ад 7 да 10 дзён. З аднаго такога блока атрымліваюць у сярэднім 200 грамаў шыітаке. Зразаюць іх уручную з дапамогай нажніц.

На Усходзе гэтыя грыбы - сапраўдны дэлікатэс і скарбніца карысных рэчываў. Шыітаке запавольваюць рост ракавых пухлін, нармалізуюць узровень халестэрыну і цукру ў крыві, умацоўваюць імунітэт. Грыб можна есці нават сырым, а тэрмін рэалізацыі ўсяго 7 дзён.

Свежыя, сушаныя, кансерваваныя. З шыітаке і вёшанак на прадпрыемстве распрацавалі каля дзесяці відаў прадукцыі. Прычым уся сыравіна - грыбы або гародніна - уласнай вытворчасці. Без штучных араматызатараў, дадаткаў і кансервантаў.

Вераніка Крапіўка, начальнік кансервавага цэха падраздзялення "Даманавіцкі завод для сушкі агародніны" ААТ "Камбінат "Усход": "Рэцэптуры распрацоўваюцца ў цэнтры харчавання, і потым мы ўжо на аснове гэтых рэцэптур робім кансервы. Стэрылізацыя ў нас ідзе 55 хвілін пры тэмпературы 120 градусаў".

Тэхналогію вырошчвання вёшанак і шыітаке распрацавалі навукоўцы Інстытута лесу. Раз за тры месяцы тут закупліваюць матачную культуру. У Даманавічах праходзіць далейшая апрацоўка для атрымання міцэлію, а затым і грыбоў. Усе этапы і працэсы правяраюць спецыялісты.

Наталля Лаўраненка, начальнік вытворчай лабараторыі падрадзялення "Даманавіцкі завод для сушкі агародніны" ААТ "Камбінат "Усход": "Спачатку мы кантралюем усю сыравіну, што паступае на кансервавую вытворчасць да стэрылізацыі. Праводзім дбайны агляд, правяраем на радыелагічныя паказчыкі. Затым правяраем саму вытворчасць, санітарны стан, правяраем кожную партыю асартыменту".

Цэх па вырошчванні грыбоў вёшанка і шыітаке ў Даманавічах будавалі з дзяржпадтрымкай. І зараз гэта паспяховы бізнес-праект. Рэнтабельнасць вытворчасці - больш як 20 %.

Сёння камбінат "Усход" - гэта адзіны ў краіне вытворца шыітаке на прамысловай аснове. Тут атрымліваюць 75 тысяч тон грыбоў за год. Акрамя таго, магчымасць уласнай перапрацоўкі забяспечвае і высокі дабавачны кошт пры рэалізацыі прадукцыі. Калі шыітаке пакуль для беларускіх вытворцаў грыбоў экзотыка, то іншыя віды ў краіне не толькі паспяхова вырошчваюць, але і экспартуюць.

Уладзімір Гракун, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "У нас пяць буйных прадпрыемстваў, якія займаюцца грыбамі. Вытворчасць складае 11,5 тысячы тон. Пры гэтым экспарт 10,5. У асноўным гэта вёшанка, шыітаке, шампіньёны".

У самых буйных прадпрыемствах краіны, якія займаюцца вырошчваннем грыбоў, плошча плантацый складае прыкладна 4 гектары. Толькі ў 2017 годзе на экспарце грыбоў удалося зарабіць больш як 23 мільёны долараў.