Рубрыка "Эканоміка дня"

10 сентября 2015

Шчыльнасць эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі можна было назіраць у названы чорным панядзелак 24 жніўня. Прыклад не самы пазітыўны, але ярка дэманструе ўзаемасувязь фінансавых сістэм дзвюх краін. Калі падзенне сусветных цэн на нафту цягне ўніз, курс расійскага рубля і прыводзіць да падаражэння валют у Мінску.

Як валютны рынак сустрэў восень, спытаем у нашага эканамічнага аглядальніка Сяргея Воляка.

За мінулыя два тыдні напружанне на валютным рынку, можна сказаць, сышло канчаткова. Рубель паказвае на таргах мінімальную карэкцыю. Пра валюты і не толькі распавяду далей.

На Беларускай валютна-фондавай біржы 10 верасня прайшлі чарговыя таргі валютамі.

Рубель умацаваўся да кошыка на 0,28%.

У параўнанні з папярэдняй сесіяй курс долара нязначна вырас: плюс 33 рубля - 17840 яго афіцыйны курс сёння. Еўра падаражэў на 61 рубель - 19959 каштуе сёння адзін еўра. Курс расійскага ўпаў адразу на 2,77.

Зніжэнне расійскага і ўмацаванне долара і еўра на таргах у Мінску, як і гаварылі раней, ёсць люстраное адлюстраванне тэндэнцый на Маскоўскай біржы. Сёння Банк Расіі падняў курсы еўра і долара. "Амерыканец" падаражэў на 87 капеек - да 68,5. Курс еўра ЦБ Расіі падняў яшчэ больш - на 1 рубель і 12 капеек - да 76,69.

Мінэканамразвіцця Расіі вярстае бюджэт, зыходзячы з прагнозу патаннення нафты.

Паслабленне расійскага рубля, як адзначаюць аналітыкі, звязана са зніжэннем цэн на нафту. Да чацвёртага квартала яна можа апусціцца да 38 долараў за барэль. Такія лічбы змяшчаюцца ў прагнозе Мінэканамразвіцця Расіі на перыяд да 2018 года, вытрымкі з якога публікуюць дзелавыя СМІ.

На 2016 расійскі ўрад прадказвае рост ВУП на 0,9 %, блізкі да нулявога рост рэальных прыбыткаў насельніцтва, такая жа нулявая прамвытворчасць і абарот розніцы, а таксама невялікі спад экспарту.

БКК у 2015 годзе плануе экспартаваць каля 9 мільёнаў тон хлоркалію.

Беларуськалій дасць краіне валюты. Сёння на галіновай канферэнцыі ў Мінску заяўлена, што Беларуская калійная кампанія па выніках 2015 плануе экспартаваць каля 9 мільёнаў тон хлоркалію. Фактычна гэта ўзровень папярэдняга года, калі было экспартавана 9,5 мільёна тон. У няпростых умовах на сусветных рынках, калі фермеры не могуць дазволіць сабе ранейшыя аб'ёмы калію, лічбу лічаць, сама меней, неправальным завяршэннем года.

Парламент распрацоўвае заканадаўчую базу дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Партнёрства дзяржавы і бізнесу замацуюць заканадаўча ўжо на восеньскай сесіі парламента.

Пра гэта заявілі сёння ў Мінску на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў.

Галоўны прынцып дзяржаўна-прыватнага партнёрства не новы. Прыватны інвестар узводзіць аб'ект за свае сродкі, а дзяржава затым, ужо прыняўшы аб'ект, пачынае вяртаць выдаткаваныя рэсурсы - гэта як купля ў растэрміноўку. Пры гэтым усе актывы застаюцца ва ўласнасці дзяржавы.

Беларусь з 5 па 16 кастрычніка прыме Генеральную асамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі.

Беларусь мае намер стаць адной з вядучых краін свету ў электроніцы і электратэхніцы. Пра гэта сёння падчас анлайн-канферэнцыі заявіў старшыня Дзяржстандарта Віктар Назаранка.

Журналістаў сабралі, каб нагадаць - у кастрычніку Беларусь прыме

Генеральную асамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі. Форум - падзея сусветнага маштабу, яго прынята называць тэхнічнай Алімпіядай. І сёлета менавіта ў Мінску будуць прымаць найважнейшыя рашэнні.

Кампанія выпусціла iPhone 6S у ружовым колеры і навучыла рабіць "жывыя" фота.

Apple размалявала iPhone 6S у ружовы колер і навучыла рабіць "жывыя" фота. У Сан-Францыска напярэдадні кампанія прадэманстравала цэлы набор сваіх распрацовак - новыя iPad і iPhone, Apple TV, а таксама гадзіннік Apple Watch. Смартфоны 6s забяспечаны палепшанай камерай, якая дазваляе здымаць відэа ў фармаце 4K. А таксама "жывыя фота", якія нагадваюць "гіфкі". Значная частка прэзентацыі была прысвечана новаму планшэту iPad Pro. Ён атрымаў павялічаны экран у 12,9 цалі, гнуткую клавіятуру і спецыяльны аловак. Распрацоўшчыкі пераконваюць, што з яго дапамогай можна ствараць высокамастацкія малюнкі.