Роўна апоўначы пачала працаваць абсалютна новая сістэма платных дарог Беларусі - BelToll

1 августа 2013
З гэтай нагоды ў Мінску прайшла ўрачыстая сустрэча аўстрыйскіх інвестараў, кіраўніцтва Мінтранса і кампаніі Белаўтадар. Паводле традыцыі госці абмеркавалі найбольш важныя пытанні, якія датычыліся запуску бескантактавай сістэмы аплаты праезду. Паводле слоў інвестараў, прадстаўнікоў аўстрыйскай кампаніі Капш ТрафікКам, Беларусь вельмі перспектыўны партнёр. Таму ў далейшым чакаецца толькі развіццё і ўмацаванне BelToll.

Новая сістэма аплаты датычыцца іншаземцаў, а таксама грузавікоў і аўтобусаў масай больш як тры з паловай тоны. Плата не спаганяецца з легкавога транспарту краін мытнай тройкі. Вадзіцелям з нумарнымі знакамі іншых дзяржаў за праезд прыйдзецца заплаціць. Увогуле сістэма BelToll закранула 815 кіламетраў беларускіх дарог. Для легкавых гасцей з-за мяжы кошт аднаго кіламетра шляху - 4 еўрацэнты, для аўтацягнікоў незалежна ад рэгістрацыі - максімум 12 цэнтаў. Усіх, хто яшчэ не абзавёўся спецыяльным бартавым прыстасаваннем, з дапамогай якога і робіцца збор грошай, эксперты просяць набываць іх у сэрвісных цэнтрах, размешчаных у кожным з абласных гарадоў, а таксама ўздоўж трасы М1, прымежных рэгіёнах і на аўтазаправачных станцыях. Штрафы за неаплачаны праезд немалыя - да 260 еўра. Дарэчы, на гэты момант сістэма ўжо зарэгістравала некалькі соцень парушальнікаў.