Рост цэн у Беларусі да канца года не выйдзе за рамкі прагнозу

19 сентября 2017

Рост цэн у Беларусі да канца года не выйдзе за рамкі прагнозу і не перавысіць шасці-сямі працэнтаў. Рэкордна нізкая інфляцыя дае падставы Нацбанку прытрымлівацца курсу на далейшае паніжэнне стаўкі рэфінансавання. Намстаршыні Нацбанка Сяргей Калечыц не выключае падзення ключавой стаўкі ўжо сёлета. Але тэмпы паніжэння будуць не такія хуткія, як раней.

Сяргей Калечыц, намстаршыні праўлення Нацбанка Беларусі: "Магчымасці для разгляду пытання аб паніжэнні стаўкі, вядома, яшчэ ёсць. Але трэба ўлічваць, што сёлета мы зрабілі досыць шмат крокаў у гэтым кірунку, і было досыць актыўнае паніжэнне. Гэта нам дазволіла наша эканамічная сітуацыя. І вядома, разглядаючы пытанне, мы, калі будзем гаварыць пра магчымае паніжэнне, то ўжо не такімі тэмпамі, як гэта было раней. Напэўна, гэта больш асцярожны крок, чым 1-2%, як гэта было перш".

На працягу года стаўка рэфінансавання зніжалася 7 разоў. Апошняе падзенне фіксавалі на мінулым тыдні. З пачатку года яна страціла шэсць з паловай працэнтаў.