Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат пашырае асартымент сваёй прадукцыі

5 ноября 2013
Новыя тэхналогіі і новыя магчымасці. Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат пашырае асартымент сваёй прадукцыі. Ужо ў хуткім часе прадпрыемства, якое ведаюць як вытворцу самай смачнай згушчонкі, зоймецца яшчэ і выпускам цвёрдых сыроў.

Пра свае планы работнікі камбіната распавялі Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Знаёмы з дзяцінства смак і адзін з самых папулярных беларускіх брэндаў. Рагачоўскую згушчонку любяць. І любяць падрабляць. На прадпрыемстве гэтага не баяцца і ведаюць, як змагацца з саматужнай вытворчасцю: кожную новую ўзнагароду за якасць прадукцыі наносяць на этыкетку.

Мікалай Цеплякоў, генеральны дырэктар Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната: Пэўна, марку, якая не зарэкамендавала сябе сваёй якасцю, сталасцю, надзейнасцю, падрабляць не будуць. Таму, з іншага боку, мы гэтым дзесьці і задаволеныя. Мы ў правільным кірунку. А з падробкамі мы будзем змагацца.

За год тут вырабляюць да 130 мільёнаў бляшанак малочных кансерваў. І гэта не адзіны від прадукцыі. У асартыменце да 120 найменняў. Вытворцы абяцаюць, што ў хуткім часе да згушчанага малака дададуць яшчэ адзін беларускі брэнд. Праўда, назву не раскрылі. А вось сам прадукт паказалі.

Цэх па вытворчасці сыроў на заводзе плануюць адкрыць да свайго 75-годдзя. Вось гэтая першая выпрабавальная партыя паспее дакладна да гэтага часу. А наогул гэта будзе цалкам сучасная і безадходная вытворчасць. Акрамя таго, для гараджан гэта яшчэ і сто новых рабочых месцаў.

Пра новыя тэхналогіі і магутнасці перапрацоўшчыкі распавялі і кіраўніку найбуйнейшага медыяхолдынга краіны. Новы цэх - гэта, па сутнасці, завод у заводзе. Яго пабудавалі ўсяго за два гады. А да канца 2013-га ён ужо збіраецца адгружаць першыя партыі сыроў на экспарт.

Аляксандр Сазонаў, начальнік цэха па вытворчасці сыроў Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната: У нас вельмі дружны, малады, згуртаваны калектыў, таму мы гатовыя пакараць новыя вяршыні. Арыентаваць нашу прадукцыю мы будзем на ўнутраны рынак, а таксама на расійскі, і будзем спрабаваць выходзіць на еўрапейскія рынкі.

Тэхналагічны перапынак на заводзе павольна перарос у перапынак творчы. Галоўны тэлевізіёншчык краіны пагутарыў з работнікамі прама ў цэху. Генадзь Давыдзька адказваў на пытанні і нават прасіў завадчан скардзіцца. Але ў адказ пачуў толькі пазітыў.

Пры такім падыходзе да вытворчага працэсу Рагачоўскі малочна-кансервавы можа быць прыкладам для астатніх прадпрыемстваў. Абраўшы інавацыйны шлях развіцця, рагачоўцы не толькі захавалі старыя рынкі, але і паспяхова асвойваюць новыя.