Вынік шматвектарнай палітыкі ў галіне эканомікі

13 июля 2015

Кантракты, новыя бізнес-партнёры, а яшчэ запуск авіязносінаў паміж Мінскам і кітайскім Ланьчжоу. А таксама беларускія зборачныя вытворчасці ў Ганьсу па выпуску абсталявання для ветрагенератараў. Усё гэта - вынікі форуму ў кітайскай правінцыі, у якім прыняла ўдзел і наша дэлегацыя.

Якія яшчэ пагадненні ўдалося заключыць і чым цікавая Беларусь інвестарам з Паднябеснай - рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Патэнцыяльная зацікаўленасць кітайскіх кампаній у беларускіх таварах і паслугах зараз замацаваная на паперы. Больш за тое, форум у Ланьчжоу стаў пляцоўкай для перамоў і па будучых інвестыцыйных праектах.

Анатоль Калінін, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі:

"Падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай вытворчасці з высокай ступенню лакалізацыі. Таксама вядзецца работа па стварэнні сумесных вытворчасцяў нашай трактарнай тэхнікі, ужо мы блізкія да заключэння. Я ўпэўнены, што мы на працягу двух месяцаў падпішам гэтыя пагадненні".

Некалькі дзён шчыльных перамоў, прэзентацый і наведванні вытворчасцяў кітайскай правінцыі дазволілі прадметна вызначыць кан'юнктуру супрацоўніцтва.

Юрый Шулейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

"Ёсць цікавасць па сухім малаку, ёсць па дзіцячым харчаванні. Цікавяцца макароннымі вырабамі, цікавяцца кармавымі дадаткамі, актыўна глядзяць сушыльныя вытворчасці Лідсельмаша, які вырабляе гэтыя комплексы. Глядзяць карданныя валы для камплектацыі машын".

Бізнес-кірмаш у Ланьчжоу адзін з найбуйнейшых у рэгіёне. Сёлета ў ім удзельнічалі 49 краін. Паводле папярэдніх падлікаў экспертаў, сума падпісаных кантрактаў склала амаль 35 мільярдаў долараў.

Беларуска-кітайскія адносіны - гэта двухбаковая выгада. Менавіта таму разам з адкрыццём беларускіх зборачных вытворчасцяў у Ганьсу новы бізнес-праект кітайскага прадпрыемства паралельна будзе рэалізаваны ў Гродзенскай вобласці.

Размова ідзе пра выпуск абсталявання для ветрагенератараў.

Лю Вэйпін, губернатар правінцыі Ганьсу:

"Такія візіты ўрадавых дэлегацый разам з прадстаўнікамі бізнесу аказваюцца найбольш прадукцыйнымі. Падчас форуму беларускі і кітайскі бакі ўжо падпісалі пагадненні. Гэта два буйныя праекты аб стварэнні зборачных вытворчасцяў беларускай сельгастэхнікі тут, у Кітаі".

Менавіта праз правінцыю Ганьсу праходзіў старажытны - даўжынёй 1 600 кіламетраў - Шаўковы шлях. На думку экспертаў, сённяшняя лагістыка павінна стаць яго сучасным эквівалентам для міжнароднага гандлю і інвестыцый.

Ужо гэтай восенню адбудзецца візіт у адказ кіраўніцтва правінцыі Ганьсу і кітайскіх бізнесменаў у Гродна. Ад гэтай сустрэчы абодва бакі чакаюць новых кантрактаў і пашырэння тавараабароту.