Рэдкую рыбу - амерыканскага весланоса - пачалі разводзіць на Вілейшчыне

27 апреля 2019

Рэдкая рыба - у водах Мінскай вобласці! Амерыканскага весланоса пачалі разводзіць на Вілейшчыне. У жывой прыродзе рыба з атрада асятровых жыве ў рацэ Місісіпі. А на тыдні ў Вілейскім рыбгасе вылавілі і перасялілі першую папуляцыю. Малькоў у сажалкі гаспадаркі запусцілі 15 гадоў таму. Рыба вырасла і гатова даць першае патомства. А на рыбнай ферме пад Лагойскам 20 гадоў таму наладзілі вытворчасць фарэлі. Тут у вадаёмах крынічная вада, а харчуецца высакародны водны жыхар выключна пратэінавымі кармамі. Падрабязнасці - у Наталлі Кезік

Весланос - рыба з атрада асятровых, у прыродзе жыве ў рацэ Місісіпі і нават з’яўляецца прадаўжальнікам папуляцыі дыназаўраў. 170 такіх рыб гадаваліся ў вадаёмах Вілейскага рыбгаса. Падчас кантрольнага вылаву спецыялісты працавалі даволі хутка: змяненне тэмпературы і дотык рук чалавека - сапраўдны стрэс для рэдкага віду рыбы.  

Для весланоса не патрэбны асаблівы корм, за год рыба падрастае на 3-4 кілаграмы. У той жа час карп набірае такую ж вагу толькі праз тры гады. 

У Вілейскі рыбгас весланоса завезлі 15 гадоў таму ў выглядзе малькоў. Зараз кожны экзэмпляр дасягае паўтара метра ў даўжыню, а важыць пад 30 кілаграмаў. 

Кожная рыба мае свой чып. Электроннае прыстасаванне дапамагае сачыць за яе развіццём і ростам. Падчас адлову правялі кантрольнае даследаванне.

Вось такім апаратам спецыялісты на месцы сканіруюць унутраныя органы рыбы і вызначаюць самка гэта альбо самец, а таксама ступень іх спеласці. 

Дарослых самак адправяць у эксперыментальную сажалку для атрымання патомства маленькіх весланосаў. Астатнія асобіны будуць гадавацца ў летніх вадаёмах. Калі далейшае развядзенне весланоса ў рыбных гаспадарках будзе прадуктыўным, на прылаўках магазінаў гэта асятровая рыба, а таксама чорная ікра, з’явіцца праз 4-5 гадоў.

А вопытам вырошчвання рачной фарэлі можа падзяліцца рыбная гаспадарка пад Лагойскам. Высакародную рыбу тут вырошчваюць больш за 20 гадоў. Выключна ў сцюдзёнай крынічнай вадзе - так патрабуе тэхналогія. Харчуюцца насельнікі кормам з высокім утрыманнем бялку.

Рыбгасы цэнтральнага рэгіёна сёлета плануюць вырасціць 90 тон фарэлі і яшчэ 40 - асятровых. Акрамя весланоса, у рэгіёне ўжо разводзяць сіговых і язёвых рыб.