Развіццё ў Беларусі біятэхналагічнай галіны пад пільнай увагай урада

30 июля 2019

Сёння  ў Прэзідэнта закранулі тэму высокіх тэхналогій. Не ў ракурсе IT, а з пункта погляду новых падыходаў у АПК. У Беларусі рэалізуюць буйны інвестыцыйны праект, які пры паспяховай рэалізацыі  дазволіць нашаму аграпрамысловаму комплексу быць на крок наперадзе. Па сутнасці,  размова пра развіццё новай галіны для нашай краіны - біятэхналагічнай. Пад Мінскам быў дадзены старт будаўніцтву маштабнага сельскагаспадарчага холдынгу па вытворчасці кармоў для жывёлы і кармавых дабавак. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя пачне вытворчасць ужо ў наступным годзе. Здача аб'екта пройдзе ў некалькі этапаў. Праект разлічаны да 2032 года. Укараненне біятэхналогій дазволіць вывесці нашу сельскую гаспадарку на новы ўзровень. А таму рэалізацыя праекта  пад пільнай увагай урада. Аб прадпрыемстве заўтрашняга дня  Вераніка Бута.

Беларусь ужо даўно выйшла на новы ўзровень вырашэння задач харчовай бяспекі. Аграрыі не толькі практычна цалкам забяспечваюць нас айчыннымі прадуктамі харчавання, але шмат адпраўляюць на экспарт. Купляем мы толькі тое, што не можам вырасціць самі (скажам, з-за клімату). Але што далей? Доўга спачываць на лаўрах у XXI стагоддзі не атрымліваецца, на жаль, нікому. Свет не стаіць на месцы, а разам з ім не стаяць на месцы і тэхналогіі. Калі Беларусь плануе і далей вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, трэба мець канкурэнтаздольную сыравіну і тэхналогіі. 

Забяспечваем сябе на 

200 % малаком і цукрам.

130 % -  мясам і яйкамі.

110 % -  раслінным алеем.

Пра гэта задумаліся яшчэ тры гады таму. У 2016 ствараем Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, а праз яшчэ два  (у 2018) даём старт, мабыць, самаму гучнаму і амбіцыйнаму праекту ў нашай краіне. За 50 кіламетраў ад сталіцы неўзабаве з'явіцца буйны сельскагаспадарчы холдынг па вытворчасці кармоў для жывёлін. 

Першыя магутнасці запусцяць у наступным годзе, але ўжо сёння высокую цікавасць да будучай прадукцыі пад маркай "Зроблена ў Беларусі" выяўляюць еўрапейскія і расійскія аграрыі. 

Гэта прадпрыемства новага тэхналагічнага ўкладу. Праект наколькі важны і перспектыўны, настолькі і складаны. Каб усё пралічыць да дробязяў - сённяшняя нарада ў Палацы Незалежнасці. 

З планаваных 14 прадпрыемстваў (а гэта будзе вытворчасць поўнага цыклу) першымі пачнуць працаваць 4 камбікормавыя заводы - асобна для буйной рагатай жывёлы і птушкі, для свіней, рыбы. І яшчэ адзін для прэміксаў. Іх увядуць у строй у канцы будучага года. Любая вытворчасць камбікорму пачынаецца з зерня. А таму адначасова з заводамі на гэтай тэрыторыі з'явіцца і збожжасховішча. Наступны этап - вытворчасць амінакіслот, прадукцыя для Беларусі стане інавацыйнай. 

У працэсе вытворчасці ўсяго аднаго грама гэтых незаменных амінакіслот задзейнічаны мільёны асаблівых бактэрый. Пакуль гэты прадукт прывозяць у Беларусь у асноўным з Кітая. На закупку замежных амінакіслот і камбікармоў за год гаспадаркі краіны выдаткоўваюць каля 200 мільёнаў долараў. Але магутнасці будучых прадпрыемстваў здольныя зняць гэта пытанне. 

Без натуральных дабавак немагчыма вытворчасць у жывёлагадоўлі. Напрыклад, бройлерныя кураняты на такой бялковай дыеце кожны дзень дадаюць па 60 грамаў. Ужо ў 2021 холдынг павінен запусціць увесь тэхналагічны працэс. І тут важна ўсё да дробязяў. У першую чаргу, сыравінныя зоны. Здавалася б, але зерне сёння  - аснова глабальнай харчовай сістэмы. Ад яго якасці напрамую залежыць якасць корму для жывёл, а далей і прадуктаў харчавання ў магазінах. 

Гэта пытанне даручана ўзяць на кантроль, як і пытанне збыту. Бо набраўшы поўную моц, прадпрыемства зможа вырабляць да мільёна тон камбікармоў за год. Аб'ёмы значныя і непрыстойна потым будзе лічыць страты пры нерэалізацыі тавара. 

Даручэнне Прэзідэнта - ужо сёння дэталёва прапрацаваць рынкі збыту, бо будучай прадукцыі хопіць не толькі для ўнутранага рынку. Прадпрыемства экспартна арыентаванае. Да 80 % плануюць прадаваць у Расію, Кітай, Украіну. Галоўную гандлёвую магістраль плануюць у кірунку Еўрасаюза.

На ўсіх этапах рэалізацыі праекта і пасля выхаду прадпрыемстваў на поўную магутнасць абавязкова навуковае суправаджэнне. Гэта будзе сапраўдны біятэхналагічны цэнтр - не проста вытворчасць, але і база падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай сферы. Тут будуць створаны тысячы рабочых месцаў, у тым ліку для горада-спадарожніка Рудзенска.

Асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы па кадрах. Па-першае, трымаць на пастаянным кантролі пытанне будаўніцтва жылля для спецыялістаў комплексу. Па-другое, падключыць да працы прадпрыемстваў Акадэмію навук і ўніверсітэты. Навука і тэхналогіі павінны трымацца разам, а будучыя спецыялісты ўжо сёння павінны добра ўяўляць увесь тэхналагічны працэс. Крыху пазней профільны міністр запэўніць журналістаў, што кадрам пільная ўвага. 

Калі размова заходзіць аб укараненні новых, прарыўных тэхналогій, прынята гаварыць, што гэта крок наперад. У выпадку з праектам пад Мінскам эксперты не сумняваюцца, сельская гаспадарка можа зрабіць іх адразу некалькі. І не толькі сельская гаспадарка. У праект прыцягнуты замежныя інвестыцыі, а таму паспяховая яго рэалізацыя як лепшы доказ будучым партнёрам: у Беларусі можна весці бізнес і ўкладваць у нашу эканоміку.