Развіццё малога і сярэдняга бізнесу як прыярытэт эканомікі вобласці

12 июня 2015

Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў якасці выдатнага прыкладу малога бізнесу выбрала прадпрыемства па вырошчванні ружаў. Калектыў колькасцю менш за сорак чалавек паспяхова вырошчвае ружы па галандскіх тэхналогіях. Канкурэнцыя на кветкавым рынку краіны высокая, тым не менш нават невялікія прадпрыемствы могуць заняць сваю нішу на рынку.

Надзея Сербіненка прадоўжыць тэму. У гэтай цяпліцы прыватны вытворца вырошчвае дзевяць сартоў руж. Яшчэ на пачатку наладжвання вытворчасці сюды, у Дзяржынскі раён, прыязджалі спецыялісты з Нідэрландаў. Яны дапамаглі беларускім кветкаводам стварыць аранжарэю з галандскімі тэхналогіямі вырошчвання.

У гэтай цяпліцы– 50 тысяч кустоў ружаў. Каб кветкі былі прыгожымі і мелі таварны выгляд, тэмпература і вільготнасць у цяпліцы кантралююцца з дапамогай камп’ютара. Ужо сёння 10 тысяч ружаў з гэтай цяпліцы адправяцца на продаж.

Гэтае прадпрыемства - выдатны прыклад імпартазамяшчэння і прыцягнення замежных інвестыцый. Дзяржынскія ружы ні ў чым не саступаюць галандскім, а каштуюць значна менш. Да таго ж кветкаводы клапоцяцца і пра біялагічную бяспеку сваёй прадукцыі.

На думку спецыялістаў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, такіх прыватных прадпрыемстваў у Мінскай вобласці павінна быць больш. Гэта выдатны прыклад развіцця малога і сярэдняга бізнесу. У якасці пераваг - стварэнне рабочых месцаў, стабільны заробак і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі.

На кветкавым прадпрыемстве працуюць 37 чалавек, у масштабах раёна калектыў невялікі. Але гэтыя людзі маюць усе сацыяльныя гарантыі.

Канкурэнцыя на кветкавым рынку вялікая. Толькі ў Мінску ёсць некалькі буйных вытворцаў ружаў, у тым ліку дзяржаўнай формы ўласнасці. Але на якасны і прымальны па цане тавар заўсёды ёсць пакупнік. А таму кожнае прадпрыемства можа працаваць рэнтабельна.