Што ж, без высокіх тэхналогій зараз нікуды! І яны зусім не будучыня, а ўжо сучаснасць і ў беларускай эканоміцы, і прамысловасці. Памятаем, што наш Саўмін імкнецца ісці ў нагу з часам, паступова пераходзячы да электроннага ўрада. І ў цэлым, уся Беларусь блізкая да таго, каб стаць цалкам электроннай.
У новай лічбавай эканоміцы самай галоўнай стане здольнасць да ўяўлення. Аб гэтым заявіў дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі ў рамках круглага стала "IT-адукацыя і IT-індустрыя. Стратэгія развіцця". На гэтым тыдні ў бізнес-інкубатары ПВТ сабраліся прадстаўнікі вядучых беларускіх IT-кампаній і дэканы факультэтаў мінскіх і рэгіянальных універсітэтаў, каб абмеркаваць сур'ёзныя выклікі, якія стаяць перад айчыннай IT-адукацыяй.
Удзельнікі канстатавалі дзве асноўныя праблемы: значнае адставанне навучальных праграм ад імклівых змяненняў у IT-галіне, а таксама дэфіцыт выкладчыкаў ВНУ з патрэбнымі тэхнічнымі кампетэнцыямі. Па меркаванні IT-кампаній, падчас навучання недастаткова ўвагі праграмнай архітэктуры, сучасным праграмным сродкам і тэхналогіям. Праграмы часцяком далёкія ад патрэб рынку і не маюць практычнай скіраванасці.
У снежні мінулага года Прэзідэнт Беларусі пазначыў стратэгічны курс на IT-краіну і падпісаў Дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Дакумент дае IT-кампаніям магчымасць аказваць фундатарскую дапамогу, вылучаць гранты таленавітым выкладчыкам і студэнтам.
Прыярытэты ў IT-галіне Беларусі зараз - распрацоўка ўласных IT-прадуктаў. Можна чакаць, што патрабаванні да якасці падрыхтоўкі IT-кадраў у найбліжэйшы час стануць яшчэ больш высокімі. Акрамя таго, у ПВТ будуць актыўна развівацца найноўшыя кірункі інфармацыйных тэхналогій.
Па шэрагу кірункаў патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка ў сферах, якія развіваюцца хутчэй, чым за імі паспяваюць ВНУ. Удзельнікі круглага стала падкрэслілі, што гэта праблема не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.













