Распрацоўкі беларускіх і расійскіх навукоўцаў - у вытворчасць

9 апреля 2014

Ад медыцыны да авіяцыйнай прамысловасці. Распрацоўкі беларускіх і расійскіх навукоўцаў укараняюцца ў вытворчасць. У Светлагорску на прадпрыемстве Хімвалакно выпускаюць унікальныя па сваіх уласцівасцях матэрыялы. Гэта вынік рэалізацыі навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы. Сумеснымі намаганнямі навукоўцаў і спецыялістаў дзвюх краін тут атрымліваюць ніткі, валокны і тканіну, якія незаменныя ў самых розных сферах прамысловасці. Некаторыя ноу-хау журналістам прадэманстравалі ўпершыню.


Вольга Халадовіч - пра самыя цікавыя інавацыі. У гэтым цэху на прадпрыемстве не ступала нага журналіста. І толькі для прадстаўнікоў СМІ Саюзнай дзяржавы зрабілі выключэнне. Праўда, здымаць дазваляюць толькі гатовую прадукцыю. А не вытворчасць. Тлумачаць гэта проста: канкурэнты не дрэмлюць. Тым больш што такая лінія ёсць толькі ў Амерыцы, Францыі і Беларусі. Вугляродна-валакністыя матэрыялы - канчатковы прадукт - валодаюць цэлым шэрагам унікальных уласцівасцяў.


Міхаіл Палхоўскі, намеснік галоўнага інжынера па перспектыўным развіцці вуглевалакністых матэрыялаў ААТ СветлагорскХімвалакно: Мае высокую акісляльную, хімічную ўстойлівасць, з такіх матэрыялаў могуць быць вырабленыя трубаправоды, рэактары, унутраная паверхня. Зараз праводзім даследаванне, вынікі паказваюць, што ў вельмі шырокім дыяпазоне выпраменьванняў матэрыял валодае добрай экрануючай уласцівасцю.


Рэалізацыя навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы - гэта больш за 40 новых тэхналогій і відаў матэрыялаў. Кожны можа выкарыстоўвацца ў самых розных сферах. Ад медыцыны і сельскай гаспадаркі да абароннай і авіяцыйнай прамысловасці. Тэрмаўстойлівыя валокны Арсялон - прадмет асаблівага гонару беларускіх хімікаў.


У аснове інавацый - лепшыя методыкі савецкіх навукоўцаў. Зараз распрацоўваць і ўкараняць ноу-хау працягваюць навукоўцы і інжынеры Саюзнай дзяржавы. Сучасныя тэхналогіі зніжаюць сабекошт прадукцыі і робяць яе запатрабаванай на айчынным і замежным рынках.


Васіль Воўк, галоўны інжынер ААТ СветлагорскХімвалакно: Інфармацыя паступае аб тых або іншых распрацоўках, мы маніторым рынак, звязваемся са сваімі спажыўцамі, атрымліваем ад іх інфармацыю. І я б сказаў так, што крыніцай тут з'яўляецца такі комплексны аналіз усёй інфармацыі, які паступае па тых або іншых кірунках на прадпрыемства.


Навукоўцы і далей гатовыя здзіўляць вытворцаў. І даць узоры прадукцыі, аналагаў якой у свеце пакуль не існуе.


Дзмітрый Грыншпан, загадчык лабараторыі раствораў, цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ: Гэта атрыманне самазатухаючага валакна. Каб пры гэтым не было ўзгарання выпадкова, і каб гэтая тканіна дыхала, пераносіла і цяпло, і вільгаць, і пры гэтым валодала яшчэ бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Вось гэтае валакно мы збіраемся рабіць менавіта ў Светлагорску на грошы Саюзнай дзяржавы.


Інтэграцыя навукова-тэхнічнага патэнцыялу дзвюх краін дае і адчувальную эканамічную выгаду. Напрыклад, эфект ад рэалізацыі папярэдняй праграмы Саюзнай дзяржавы, паводле прагнозаў спецыялістаў, складзе больш за мільярд расійскіх рублёў.