Пашырыць стымулы для росту электраспажывання ў краіне. Усе нюансы прапанаваных ініцыятыў сёння абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

10 апреля 2020
Урад прапануе пашырыць стымулы для росту электраспажывання ў краіне. Новыя механізмы закрануць грамадзян - уладальнікаў індывідуальнага жылля.
Усе нюансы прапанаваных ініцыятыў сёння абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. 
Галоўная навацыя - у краіне разлічваюць падтрымаць уласнікаў, гатовых падключаць свае дамы да электрасеткі. Фінансавае плячо накіравана на больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі ў якасці альтэрнатывы расійскаму газу. 
Прэзідэнт падкрэсліў: гэта прынцыповая для краіны задача. Яе вырашэнне дазволіць умацаваць энергетычную бяспеку, тым самым знізіўшы крытычную залежнасць ад імпартнага блакітнага паліва. А Беларуская АЭС дасць дадатковыя аб'ёмы энергіі, якія трэба будзе інтэграваць у нацыянальную энергасістэму. І гэта яшчэ адна падмога для сур'ёзнай працы на найбліжэйшыя гады. 
На якіх умовах уладальнікі прыватных дамоў змогуць атрымаць фінансавую дапамогу? Вольга Анішчанка даведалася, колькі каштуе энергазабеспячэнне для доміка ў вёсцы. 

Электрыфікацыя сяла: новыя стымулы

Газ або электрычнасць? Сёння многія ўласнікі індывідуальнага жылля маюць права выбіраць, які рэсурс выкарыстаць, каб грэць ваду, рыхтаваць або ацяпляць свой дом.
Маштабная газіфікацыя, здавалася б, дылему зняла. Што ўжо гаварыць! Да аграгарадкоў - і такіх практычна дзве траціны - падвялі газавыя трубы. Гарады і раёны забяспечаныя на 100 %. Электразабеспячэнне такімі аб'ёмамі  аб'ектыўна  пахваліцца не можа. Па краіне  за мінулы год  менш за траціну дазволаў выдавалі на падключэнне да электрасетак. У асобных рэгіёнах  -  толькі кожнае дзясятае. Але ў тых, хто атрымаў, свае аргументы. 

Міхаіл Фрэйберг, жыхар в. Чыгірынкі: "Прыходзіш, кнопку націснуў. Хочаш тэмпературу большую - значыць два тумблеры. Меншую - адзін. Электракацялок я выкарыстаў нашай айчыннай вытворчасці. У прынцыпе мы з жонкай ужо забылі, што такое ацяпленне. Яно выпала з нашай паўсядзённай працы. Таму што заўсёды цёпла дома, утульна, няма  пылу. І дровы я ўжо не купляў сёлета".

Электраацяпленне на сяле становіцца больш папулярным

Мясцовым да цэнтра далёка. Той выпадак, калі газ сюды не дайшоў. У пасёлку апроч электрычнасці ні адной энергакрыніцы. Затое тут ведаюць, што такое экалагічна чыстае ацяпленне. Ні пылу, ні гару. Гавораць, амаль гарадскія. У Чыгірынцы вось так у шасці дамах. Яшчэ два чакаюць сваёй чаргі. 
Калоць дровы  не жаночая справа. А куды дзявацца? Ноччу падмарозіць. Дом чакае цяпла. Пакуль сям'я на працы, у двары трашчаць палены. За год давялося спаліць тры машыны дроў. 

Новыя стымулы для электраспажывання 

І цана  на газ або электраэнергію (будзем справядлівымі) сёння часта не пакідае дачніку права выбару. Памер штомесячных рахункаў у тых, хто сілкуе свой дом ад трубы, сёння дазваляе сэканоміць. Але хто ведае, якім будзе газ для Беларусі заўтра? А цану за кілават гатовыя зніжаць. Разлічваюць, што БелАЭС дазволіць весці аптымістычную калькуляцыю выдаткаў у будучыні. 
Менавіта так з самага вялікага інвестпраекта пачынаюць размову ў Палацы Незалежнасці. 

Магчымасці БелАЭС дазволяць Беларусі сэканоміць 5 млрд. куб. м газу

Прапанова, пэўна, з прыцэлам на агульную выгаду. У будучыні за мірным атамам - трэць спажыванай краінай энергіі. І мінус 5 мільярдаў кубаметраў блакітнага паліва. Так ацэньваюць паніжэнне газавай залежнасці. Не палітыкі дзеля. Для ўласнай энергабяспекі. І будаўнічая галіна ў дапамогу. Бо жылфонд спажывае ў сярэднім трэць аб'ёмаў. А можа, больш. Але патрэбныя важкія стымулы.
Прэзідэнт заклікае заахвочваць матывацыю грамадзян. Арыентуючы: прыборы індывідуальнага ўліку і стымулюючы тарыф - гэта пілот. І сапраўды не апошні. 
Як зрабіць электраспажыванне цікавым людзям? Ва ўрада - свае разлікі. Спадзяванні - на фінансавае бюджэтнае плячо. Каму, на якіх умовах, колькі і чаму столькі варта кампенсаваць, каб электрыфікацыя прыйшла ў масы - кабмін абгрунтаваў свае прапановы.
Урад сёння прапанаваў падтрымаць тых, хто свой прыватны дом гатовы падключыць да электрасетак. Выдаткі разавыя, але яны вялікія. Гэта і праектаванне, і будаўніцтва, і купля абсталявання. Калі ўласнік выбірае ў якасці асноўнага рэсурсу электрычнасць, яму зробяць істотную скідку. Сёння праект указу прадстаўлены Прэзідэнту.

Уласнікам дамоў пакрыюць 20% выдаткаў на электрыфікацыю жылля

У дакуменце прапісалі памер дысконту. Мінус 20% ад кошту ўсіх выдаткаў. Але ёсць нюанс - не больш за 40 базавых. Сёння гэта 1080 рублёў. І яшчэ порцыя арыфметыкі. Падлічана, уласнік у гэтым выпадку выдаткоўвае парадку 5 тысяч. На ўсё пра ўсё. Каб запусціць электрасілкаванне дома з нуля. Дык вось, калі пакрыць долю прадугледжаных выдаткаў, грамадзянін сэканоміць тысячу рублёў. 
Профільны міністр у выніку скажа: Прэзідэнт дакумент падтрымаў. Але прапанавана не замыкацца на лімітавых сумах. Прынамсі, не для кожнага гаспадара. 

Віктар Каранкевіч, міністр энергетыкі Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы даручыў разгледзець магчымасць аблвыканкамам, гарвыканкамам, мясцовым органам улады даць права на павелічэнне дадзенай падтрымкі ў дачыненні сацыяльна ўразлівых пластоў насельніцтва. Мы яшчэ будзем разглядаць гэтае пытанне. Але я мяркую, што не будзе абмежаванняў. Будзе проста дадзена права на павелічэнне гэтай сумы".

Выключэнне складзе новае будаўніцтва. Г. з. для тых, хто толькі пачынае вялікую загарадную будоўлю, льготы не прадугледжаныя. Прапановы зрабілі толькі гаспадарам існуючага жылфонда. Зноў жа... у адсутнасці любых камунікацый, неабходных для "сілкавання" прыватнага сектара. 

Частку выдаткаў на перавод дамоў на электрычнасць пакрыюць мясцовыя ўлады

Дазвол на льготы дасць мясцовая ўлада. Па запыце. Чакаецца, што лік зваротаў прыкметна вырасце. Толькі за мінулы год такіх значылася больш за дзясятак тысяч. Зараз мясцовай уладзе трэба будзе ўзважыць свае фінансавыя магчымасці, каб падтрымаць электрыфікацыю сяла. Паводле разлікаў Мінэнерга, памеры дзяржфінансавання штогод складуць парадку 5 мільёнаў рублёў.