Працу і перспектывы прадпрыемстваў дражджавой галіны абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

15 ноября 2019

А. Лукашэнка: Галоўнае - зрабіць як лепш для краіны і людзей


Пытанні працы прадпрыемстваў дражджавой галіны сталі сёння тэмай нарады ў Кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт правёў нараду па развіцці дражджавой галіны


Апошні раз да гэтай размовы вярталіся ў мінулым годзе двойчы. І здавалася б, асаблівых пытанняў быць не павінна, але з'явіліся новыя акалічнасці. 

У Беларусі сёння функцыянуюць  два буйныя заводы: дражджавы камбінат у Мінску і яго філіял у Ашмянах, а таксама новы завод у Слуцку. У яго было ўкладзена каля 37 мільёнаў еўра, у тым ліку 10 мільёнаў нямецкіх інвестыцый. Прадпрыемства нарасціла свае магутнасці. Зараз яны вырабляюць каля 20 тысяч тон прадукцыі за год. У перспектыве могуць дадаць  у 3 з паловай разы. Аднак наш нямецкі партнёр настойвае: на рынку павінна застацца толькі адно іх слуцкае прадпрыемства. Астатнія трэба закрыць. Паводле слоў немцаў, такой была папярэдняя дамоўленасць.

Бакі  дамоўленасці мінулых гадоў  інтэрпрэтуюць па-рознаму. А ацэнку юрыстаў пакуль не далі. У сітуацыю давялося ўмяшацца асабіста Кіраўніку дзяржавы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт папярэдзіў, што не павінна быць ніякай канспіралогіі і ўтойванняў інфармацыі. Размова павінна быць сумленнай і адкрытай.

А. Лукашэнка: Дамоўленасці павінны свята выконвацца


Для параўнання: на прадпрыемстве ў Слуцку  79 работнікаў, на дражджавым камбінаце ў Мінску - амаль удвая больш, плюс ашмянскі філіял - гэта яшчэ 64 чалавекі. Але, з іншага боку, там і зарплаты ніжэйшыя. 

У Прэзідэнта абмяркоўваліся розныя варыянты развіцця падзей. У кожнага з удзельнікаў нарады сваё бачанне сітуацыі: ад аб'яднання альбо перапрафілявання мінскай пляцоўкі да яе закрыцця. У аснове асноў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка,  павінны стаяць інтарэсы краіны і людзей. Без падстаў спыніць працу прадпрыемства недапушчальна. А сёння дражджавы камбінат у Мінску - вытворчасць, здольная ствараць канкурэнцыю сучаснаму заводу ў Слуцку  яшчэ ні адзін год.

Па дражджавой спрэчцы даручана разабрацца мэру сталіцы і гродзенскаму губернатару. Яны павінны падаць кампраміснае рашэнне і пакласці дакумент на стол Кіраўніку дзяржавы. Размаўляючы з журналістамі, старшыня Мінгарвыканкама адзначыў, што з пункта погляду эканамічных паказчыкаў  праца камбіната больш рэнтабельная. Але пытанне, што будзе заўтра?

Унутраны рынак дражджавой прадукцыі цалкам забяспечаны


Асаблівую ўвагу Прэзідэнт надаў развіццю экспарту. За год у Беларусі могуць вырабляць  больш за 35 тысяч тон дражджэй. Патрэбнасці краіны  ў 4 з паловай разы меншыя. Нашым прадпрыемствам неабходна толькі каля 8 тысяч тон. Г.з. унутраны рынак мы закрываем сваімі сіламі. Задача, робіць акцэнт Аляксандр Лукашэнка,   - больш актыўна выходзіць на новыя рынкі. Дарэчы, менавіта арыенцір за мяжу - абавязацельства інвестара, якое да канца так і не выканана. Даручэнне Прэзідэнта - сітуацыю трымаць на кантролі. І задзейнічаць рэзервы росту ў гэтай галіне. Напрыклад, больш актыўна выкарыстоўваць дрожджы ў іншых сферах, скажам, у медыцыне і ў жывёлагадоўлі.