Працаўнікі сельскай гаспадаркі заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята

16 ноября 2019

Віншаванне аграрыям накіраваў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы іх ролю ў харчовай бяспецы краіны і поспехах на міжнародным рынку. "Выбіраючы справай усяго жыцця гэтую нялёгкую, але такую важную працу на сельскай ніве, вы па праве карыстаецеся ўсенароднай павагай - заслугоўваеце самыя шчырыя словы падзякі. Дзякуй вам за адданасць роднай зямлі, беражлівае стаўленне да прыродных багаццяў нашай Беларусі, вернасць традыцыям самаадданага служэння на карысць сваёй краіны", - гаворыцца ў віншаванні.

Асабліва наш Прэзідэнт адзначыў малочную галіну. Беларусь сёння ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў. Наша краіна і сярод лідараў па вытворчасці льновалакна, жыта і журавін. Беларускія бульба, грэчка, цукровы бурак, клубніцы і авёс уваходзяць у сусветную дваццатку найбуйнейшых вытворцаў. Па аб'ёмах бульбы краіна на 11 месцы ў свеце, па грэчцы - на 12 радку, па цукровым бураку - на 14 месцы. Акрамя таго, па вытворчасці клубніц Беларусь 15-я, аўса - на 16 месцы. Прадуктамі харчавання мы гандлюем з 96 краінамі. Сёлета спіс папоўніўся 11-ю новымі дзяржавамі.