Працы прадпрымальнікаў дапаможа пакрокавая інструкцыя

3 декабря 2013

Новы дакумент распрацаваў Дзяржстандарт. У інструкцыі змяшчаецца ўвесь спіс дзеянняў, якія неабходна выконваць індывідуальным прадпрымальнікам, каб тавары, якія яны ўвозяць або прадаюць, адпавядалі ўсім патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.


Падрабязнасці дакумента - у рэпартажы Наталлі Кузьміцкай.


Сабраўшы самыя распаўсюджаныя праблемы прадпрымальнікаў пры пераходзе на адзіныя патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы тавараў лёгкай прамысловасці, у Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі падрыхтавалі пакрокавую інструкцыю для ІП. Сама інструкцыя займае больш за 10 старонак, а ўвесь дакумент разам з пералікамі і дадаткамі - 45. У ім падрабязна і выразна прапісана, якія тавары абавязкова павінны прайсці сертыфікацыю, а на якія патрабуюцца дэкларацыі.


У спіс тавараў, на якія неабходна аформіць сертыфікат, патрапілі: бялізнавыя, купальныя і гарсэтныя вырабы, пасцельная бялізна, панчошна-шкарпэткавая прадукцыя і іншыя тавары, якія маюць непасрэдны кантакт са скурай чалавека. Вопратку, скургалантарэйныя тавары, абутак, тканіну, дывановыя вырабы, скураную і футравую прадукцыю абавязкова дэклараваць.


Лізавета Казленка, кансультант упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржстандарта Беларусі: Сертыфікацыю на падставе заявы ІП праводзіць орган па сертыфікацыі, прычым орган па сертыфікацыі выконвае такія складаныя працэдуры, як ідэнтыфікацыя прадукцыі, вызначэнне правільнасці маркіроўкі прадукцыі, выбар тыпавога прадстаўніка, адбірае ўзоры, вызначае лабараторыю. Пры дэклараванні ІП павінен усё гэта зрабіць самастойна.


Тавар, які прайшоў у Беларусі сертыфікацыю і дэклараванне, неабходна абавязкова маркіраваць адзіным знакам абарачэння прадукцыі ў Мытным саюзе ЕАС, а зарэгістраваныя сертыфікаты і дэкларацыі будуць размешчаныя ў адзіным рэестры на сайце Дзяржстандарта. І хоць атрыманне такіх дакументаў для прадпрымальнікаў справа новая і цяжкая, з іх з'яўленнем кантралюючыя органы чакаюць навядзення парадку на рынку.


Да заканчэння пераходнага перыяду, а гэта ліпень 2014, прадпрымальнікі могуць карыстацца нацыянальнымі сертыфікатамі і суправаджальнымі дакументамі. Аднак і пра пацверджанне якасці прадукцыі час задумацца. ІП, якія гандлююць аднолькавай прадукцыяй, могуць аб'ядноўвацца і такім чынам спрашчаць працэдуру і памяншаць яе кошт.