Праца над спрашчэннем умоў вядзення бізнесу ў Беларусі выходзіць на фінішную прамую

20 июня 2017

Сёння Савет міністраў разгледзеў прапановы прадпрымальнікаў, экспертаў і чыноўнікаў. Яны стануць асновай новага заканадаўства. Распрацаваць комплекс мер, які б ліквідаваў наяўныя бар'еры, у пачатку года даручыў Прэзідэнт. Якія ж ініцыятывы знойдуць адлюстраванне ў выніковых дакументах, ведае Вольга Анішчанка.

Усе дакументы для бізнесу ў новай версіі маюць адзіную мэту - максімальна знізіць ціск на прадпрымальніка і тым самым аздаравіць эканоміку. Каб прыбраць усё лішняе, правялі маштабную рэвізію сотняў адміністрацыйных працэдур і тысяч тэхнічных актаў, вывучалі санітарныя нормы і правілы пажарнай бяспекі. А сёння заявілі: так, бізнесу пададуць больш волі, але калі будзе падстава, спытаюць жорстка; таксама скароцяць тэрміны запуску сваёй справы і зменяць падыходы ў працы кантралёраў.

Галоўны прынцып - мінімум норм прамога дзеяння, усё больш рэкамендацый. Зараз - толькі агульныя правілы пажарнай бяспекі і найважнейшыя санітарныя патрабаванні. Колькасць пунктаў у абодвух выпадках скарачаюць у 10 разоў!

Пётр Арушаньянц, дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі: "Гэта не паніжэнне якасці паслуг. Проста мы ліквідуем шмат у чым дубляванне пры правядзенні кантролю. Паколькі маецца кантроль і падчас ліцэнзавання, і падчас ажыццяўлення дзейнасці. Падвойны кантроль нам не патрэбен".

Прапанавана скасаваць складаныя і працяглыя працэдуры атрымання даведак і ўзгадненняў. У транспартнай сферы, да прыкладу, адмовіцца ад афармлення дарожных лістоў. У будаўніцтве - значна спрасціць парадак уводу ў эксплуатацыю аб'ектаў. Шматлікія дазволы заменіць адзіны зварот у службу адно акно. Яна, дарэчы, дапаможа прадпрымальніку хутчэй стартаваць у бізнесе. Для гэтага плануюць замацаваць апавяшчальны прынцып адкрыцця сваёй справы. Бытавыя, сацыяльныя і турпаслугі, сфера гандлю і агульнае харчаванне, перавозка пасажыраў і вытворчасць сельгаспрадукцыі - для 90% малога і сярэдняга бізнесу ўсё стане нашмат прасцей.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Для занятку гэтымі відамі дзейнасці досыць будзе падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу адно акно або з дапамогай адзінага партала электронных паслуг, і на наступны дзень асоба будзе мець права ажыццяўляць заяўлены від эканамічнай дзейнасці".

Сярод іншых навацый - паменшыць колькасць відаў дзейнасці, якія ліцэнзуюцца. А таксама абвясціць падатковы мараторый. Да 2020 ніякіх новых падаткаў і павышэння падатковых ставак.

Новую формулу адносін бізнесу і дзяржавы прапішуць у законе, дэкрэце і некалькіх указах Прэзідэнта. Чакаецца, што на стол Кіраўніку дзяржавы пакет дакументаў ляжа неўзабаве. Але ўжо сёння эксперты адзначаюць: добра б, каб такі давер бізнес апраўдаў. І навацыі былі на карысць актыўнай працы, а не на шкоду бяспецы, правам спажыўцоў і падатковай справаздачнасці.