Збожжавыя змяніла не менш важная для сельскай гаспадаркі кукуруза. Надвор'е і тут ўнесла свае карэктывы - у гаспадарках адначасова ідзе ўборка кукурузы на зерне і для кармавой базы. У Гомельскай вобласці ўбрана больш за палову плошчаў. І ўжо відавочна, што ўраджай сёлета вельмі перавышае леташні. У рэгіёне не толькі змогуць цалкам забяспечыць патрэбнасці для кармоў, але і прапануюць усім гаспадаркам краіны насенне новага ўраджаю. Эканамічны эфект ацаніла Вольга Халадовіч.
Калі для збожжавых гэты год быў складаным, то для кукурузы - наадварот - ідэальным. Больш за 2 метры у вышыню, катах да катаха. На гэтым полі Аляксей Нашук намалочвае больш за 100 цэнтнераў з гектара. І ўпэўнены, пры добрым надвор'і ўборку кукурузы можна будзе завяршыць у найбліжэйшыя два тыдні.
Адначасова з уборкай кукурузы на зерне нарыхтоўваюць зялёную масу. Ужо заклалі ў 2 разы больш кармоў, чым летась. І зараз галоўная задача - не толькі звесці да мінімуму страты, але і захаваць. У гаспадарцы "Крынічнае" ад дзедаўскага спосабу захоўвання ў курганах адмовіліся цалкам. Кармы для пагалоўя закладваюць у траншэі. Так яны захоўваюць свае ўласцівасці аж да наступнага сезона.
Яны працуюць у кругласутачным рэжыме і ўжо ў наступным месяцы гатовыя адправіць насенне кукурузы новага ўраджаю ў гаспадаркі краіны. Кукурузна-калібравальны цэх эксперыментальнай базы "Крынічнае" сёлета прыме на перапрацоўку 20 тысяч тон катахоў.
На кожным этапе кукуруза праходзіць кантроль. Спачатку яе сушаць, затым калібруюць па вазе і памеры. У лабараторыі правяраюць яе вільготнасць і жыццяздольнасць. І калі ўсе стандарты адпавядаюць нормам, рыхтуюць да рэалізацыі.
Гэта гібрыд беларускай селекцыі - "палескі 212". Зарэкамендаваў ён сябе выдатна. Ужо некалькі гадоў у гаспадарцы выкарыстоўваюць толькі ўласны насенны матэрыял. Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы на зерне - больш за 70 цэнтнераў з гектара. Пры сярэдняй у рэгіёне 62.
Для Гомельскай вобласці кукуруза - культура не толькі высокарэнтабельная, але і стратэгічная. Яна забяспечвае патрэбнасці рэгіёна ў кармах. Тэмп уборкі аграрыі задаюць даволі высокі - ужо ўбрана больш за палову плошчаў. Згодна з прагнозамі спецыялістаў, ураджай кукурузы на зерне сёлета складзе больш за 300 тысяч тон.













