Рабочая паездка прэм'ер-міністра Беларусі па Мінскай вобласці

3 июня 2016

Як павысіць эфектыўнасць вытворчасцяў аграпрамысловага комплексу, гаварылі сёння падчас рабочай паездкі прэм'ер-міністра Беларусі па Мінскай вобласці. Андрэй Кабякоў наведаў малочна-таварную і свінагадоўчую фермы. Асноўнае пытанне - як з найменшымі выдаткамі атрымаць максімальны аб'ём прадукцыі - стаіць перад любым сектарам эканомікі, у тым ліку і перад лёгкай прамысловасцю. Адным з пунктаў сённяшняй рабочай паездкі прэм'ер-міністра стала наведванне прадпрыемства "Свiтанак". Пытанні па зніжэнні выдаткаў і павышэнні эфектыўнасці вытворчасці будуць закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшую пяцігодку.

Аб выніках рабочай паездкі Вераніка Бута. Дзяржава прадоўжыць падтрымліваць АПК, толькі дапамога будзе адраснай. Пункты росту жывёлагадоўлі і ў цэлым аграпрамысловага комплексу абмеркавалі сёння на прыкладзе Мінскай вобласці. У праграме рабочай паездкі прэм'ер-міністра сем прыпынкаў.

Практычна кожны з іх - эксперыментальная ферма. Сумесна з навукоўцамі там укараняюць перадавыя сучасныя тэхналогіі і ўжо падлічваюць эфектыўнасць ад іх прымянення. Адным з пунктаў росту, лічыць прэм'ер, з'яўляецца генетыка і селекцыя. Яны патрабуюць фінансавых уліванняў.

А пакуль жа жывёлагадоўчы комплекс сядзіць на так званай "іголцы генетычнай залежнасці". А гэта эканамічна немэтазгодна. Кіраўніку ўрада прапанавалі варыянт рашэння: рэпрадуктар - прыклад сучаснай селекцыйна-племянной сістэмы новага тыпу.

Андерй Кабякоў лічыць, што трэба мець такую вытворчасць у кожнай вобласці. Больш якаснай працы патрабуе і развіццё кармавой базы ў Мінскай вобласці, бо непаўнацэннае харчаванне - прычына страты ў колькасці і якасці мясной і малочнай прадукцыі. Прапанавана заняцца люцэрнай. У ёй неабходная колькасць і бялку, і цукру.

Не абмінулі ўвагай і кадравае пытанне. У вобласці ўжо пяць гадоў функцыянуе свінагадоўчая ферма-школа. Дарэчы, адна з лепшых у Еўропе. Сюды з усіх куткоў Беларусі з'язджаюцца, каб навучыцца працаваць на найноўшай тэхніцы. У асноўным гэта студэнты сельскагаспадарчых ВНУ.

І ўсё ж рабочая паездка прэм'ера не была прысвечана толькі сельскай гаспадарцы. Пытанні аптымізацыі, скарачэння выдаткаў і пошуку пунктаў росту стаяць і перад лёгкай прамысловасцю. Да гэтага пераліку дадаецца яшчэ адно пытанне - рэалізацыі тавару. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на неабходнасць прапрацаваць варыянты адкрыцця сумесных фірменных магазінаў некалькіх вытворцаў.

Вырабляць высакаякасную прадукцыю, якая пастаўляецца не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт, беларусы навучыліся, але гэтага недастаткова.

У наступнай пяцігодцы аб'ёмы фінансавання будуць абмежаваныя. Пытанне ў тым, як правільна выкарыстаць грашовыя рэсурсы, каб у выніку атрымаць максімальную аддачу. Крокі да дасягнення гэтай мэты і стануць прыярытэтамі, якія будуць закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшую пяцігодку. Яе зацвердзяць на Усебеларускім народным сходзе.