ПВТ на мільярд

18 февраля 2018

Экспарт Парка высокіх тэхналогій упершыню ў гісторыі перавысіў мільярд долараў.

Рост у параўнанні з 2016 годам 25 %. З 820 мільёнаў да 1,025 мільярда долараў. Высокія паказчыкі і ў агульным аб'ёме вытворчасці. Тут таксама ўпершыню пераадолелі планку мільярд, і гэта плюс 20 %.

За мінулы год у ПВТ створана каля 5 000 рабочых месцаў, што ў 1,6 раза больш, чым у папярэднім. На канец 2017 года ў кампаніях - рэзідэнтах Парка працавалі больш як 30 000 чалавек.

Распрацаваныя і ўкаранёныя сучасныя ІТ-рашэнні для айчынных прадпрыемстваў і арганізацый на суму каля 170 мільёнаў долараў - на 104 % больш, чым у 2016 годзе.

Нагадаем, вясной мінулага года ўзяты курс на ІТ-краіну. Дырэктарам Парка высокіх тэхналогій быў прызначаны Усевалад Янчэўскі. У краіне дадзена зялёнае святло развіццю ІТ-тэхналогій.

Гэта дало свой вынік. Мегакарпарацыі сусветнага ўзроўню пачалі цесна супрацоўнічаць з ПВТ. Анлайн-сэрвіс Uber зацікаўлены ў сумеснай працы ў сферы беспілотнага транспарту ў Беларусі. Найбуйнейшы гулец на сусветным рынку карпаратыўнага таксі Gett набыў кампанію Juno (рэзідэнта ПВТ) з цэнтрам распрацоўкі ў Мінску. І, вядома, купля Google беларускай кампаніі Aimatter. Гэтая дамова стала прэцэдэнтам і сігналам для прыходу на рынак буйных замежных інвестараў і якасна наблізіла нашы юрыдычныя нормы да міжнароднага права.

Напрыканцы года Кіраўніком дзяржавы падпісаны рэвалюцыйны дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Многія рэчы былі ўкаранёныя ў сусветнай практыцы ўпершыню - урэгуляванне тэхналогіі блакчэйну і аперацыі з крыптавалютамі.

Сярэдні айцішнік плаціць прыкладна ў 4 разы больш падаткаў за працаўнікоў з іншых сфер. Сапраўды высокі ўзровень прыбыткаў у ІТ-сектары сёння - гэта большае адлічэнне падаткаў у казну дзяржавы, хай яны і меншыя ў працэнце. Праз спажыванне беларускіх тавараў і паслуг, стымуляванне будаўніцтва, прыцягненне ў краіну валюты і забеспячэнне стабільнасці рубля. Спецыялісты Парка сёння ўкараняюць свае рашэнні ў розныя сферы эканомікі краіны. Гэта праекты ў медыцыне: нават самыя складаныя заключэнні дактароў можна вывучыць у шлеме дапоўненай рэальнасці, што мінімізуе рызыкі для чалавека на аперацыйным стале.

ІТ у сельскай гаспадарцы: выкарыстанне дронаў, для таго каб ацаніць, наколькі роўна тэхніка засявае тую ці іншую культуру. Гэтыя распрацоўкі спрашчаюць працу чалавеку і робяць яе значна больш эфектыўнай.

Яшчэ адзін навочны прыклад - воблачныя тэхналогіі захоўвання даных. На гэтым тыдні ў Мінску прыляцеў бізнесмен Трып Адлер, які ўваходзіць у топ выбітных людзей да 30 гадоў па версіі "Форбс". Ён адзін з заснавальнікаў кампаніі "Скрыбд" - гэта сусветная электронная бібліятэка. У воблаку размешчаныя мільёны дакументаў. Сэрвіс таксама падае карыстальнікам доступ да кніг найбуйнейшых сусветных выдавецтваў і новых аўтараў, аўдыёкніжак і часопісаў. Сузаснавальнік кампаніі сустрэўся з дырэктарам ПВТ і плануе адкрыць офіс у Мінску.