Вытворца электрацягнікоў "ШтадлерМінск" пашырае геаграфію паставак сваёй прадукцыі

10 февраля 2016

А гэта ўжо прыклад таго, як літаральна з дакладнасцю швейцарскіх гадзіннікаў працуюць заходнееўрапейскія інвестыцыі. Вытворца электрацягнікоў "Штадлер Мінск" пашырае геаграфію паставак сваёй прадукцыі. З гэтага часу гэта не толькі Расія - а маскоўскі праект "Аэраэкспрэс" сябе добра зарэкамендаваў, - але і Азербайджан. Зрэшты, міжрэгіянальныя цягнікі бізнес-класа ўжо хутка стануць на рэйкі і Беларускай чыгункі. Пра гэта і многае іншае сёння кіраўніцтва кампаніі распавяло на вялікай прэс-канферэнцыі ў Фаніпалі. Менавіта там некалькі гадоў таму пачаў працу завод. Інвестыцыі, рабочыя месцы і новыя праекты "Штадлер". Рэпартаж Аляксея Кандраценкі.

Зборку дарагога спарткара наўрад ці даручаць бяздушным робатам, па такім жа прынцыпе ствараюць і электрацягнікі "Штадлер". 5 месяцаў на адзін вагон прадуманай ручной працы - толькі так на рэйкі ўстае надзейны і камфортны транспарт. За пару гадоў беларуска-швейцарскі завод ужо выпусціў 26 цягнікоў. Адна з галоўных умоў тут - высокая культура вытворчасці.

Пасля маскоўскага "Аэраэкспрэса" геаграфія продажаў скіравалася на Усход. Чорна-залацістае адценне вагонаў выдае заказчыка - у Азербайджане калясяць ужо некалькі такіх саставаў.

Філіп Брунер, гендырэктар ЗАТ "Штадлер Мінск": "І потым у нас ёсць перспектывы. Таксама мы яшчэ гатовы паставіць дадаткова 5 цягнікоў у гэтым годзе або наступным".

Пра тое, што швейцарская прагматыка не без долі рамантыкі, ведаюць у шматлікіх краінах. Гэта і электрычкі "Кіс", і сусветны бестселер "Флірт" - у 17 краінах прададзена 1200 экзэмпляраў. Дарэчы, два цягнікі з такой назвай рыхтуюцца да старту і ў Беларусі. Міжрэгіянальныя лініі бізнес-класа звяжуць сталіцу з Гомелем.

Не выключана, што начынне "Флірту" падштурхне пасажыраў да знаёмстваў і рамантычных гутарак. Але ўсё ж асноўнае прызначэнне электрацягніка - у яго павышаным камфорце і надзейнасці. Прасторны салон, Wi-Fi, зоны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пасажыраў з веласіпедамі, а таксама бар. Усё гэта ў фармаце бізнес- і эканамкласа.

Такое прадпрыемства ўмацоўвае экспартны патэнцыял краіны. Акрамя таго, завод значна актывізуе жыццё ў Фаніпалі - адным са сталічных гарадоў-спадарожнікаў. Тэзісы, якія яшчэ на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця агучыў Кіраўнік дзяржавы, паступова ўвасабляюцца ў жыццё. Тады ж Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў - у нашай краіне прэферэнцыі толькі ў тых прадпрыемстваў, якія ствараюць высокатэхналагічную і канкурэнтаздольную прадукцыю.

І вось сёння гендырэктар кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэр Шпулер пацвердзіў прынцыпы працы мінскага дывізіёна: дыверсіфіцыя рынкаў збыту, максімальная загружанасць завода і інвестыцыі. Сёлета яны перавысяць 4 мільёны еўра.

У планах таксама ўдзел у тэндарах на закупку вагонаў цягнікоў для Мінскага метрапалітэна, а таксама вытворчасць трамваяў. Прататып гарадскога транспарту з сімпатычнай назвай "Мяцеліца" ўжо зараз на тэст-драйве.