Профільныя ведамствы пракаменціравалі сітуацыю з прыпыненнем пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь

3 января 2020
Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь прыпыненыя. Але як нам паведамілі ў Белнафтахіме,  наваполацкі "Нафтан" і Мазырскі НПЗ  працягваюць працаваць на назапашаных у снежні запасах сыравіны. Загрузка прадпрыемстваў зніжаная  да мінімальна магчымага ўзроўню, каб забяспечыць унутраныя патрэбнасці. Прыпынены толькі экспарт нафтапрадуктаў. 

Нагадаем, кантракт на пастаўку расійскай нафты ў нашу краіну  пакуль не падпісаны і адгрузка спынена 1 студзеня. Бакі не могуць дамовіцца  аб цэнах,  тарыфах на транзіт, кампенсацыі за падатковы манеўр. У канцэрне "Белнафтахім" цяперашнюю сітуацыю назвалі  не лепшым этапам у эканамічным супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі. Асабліва на фоне рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі. 

І як заяўляе найбуйнейшых аператар аўтазаправачных станцый "Беларуснафта",  дэфіцыту паліва ў Беларусі не чакаецца. Ажыятажу з боку вадзіцеляў на запраўках няма. Уся сістэма працуе стабільна, у штатным рэжыме.

У Белнафтахіме адзначылі, што перамовы аб пастаўцы нафты расійскімі кампаніямі  працягваюцца. Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі даў даручэнне забяспечыць ужо ў найбліжэйшыя дні пастаўку нафты ў краіну  з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё  чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы. Разглядаюцца і іншыя варыянты.