Харчовая бяспека - галоўная задача аграрыяў і ўсёй уборачнай кампаніі

30 июля 2018

Гэтымі днямі ў топе навін - харчовая бяспека. І гэта галоўная задача аграрыяў і ўсёй уборачнай кампаніі. Сёння пераадолелі новую мяжу - 2 мільёны тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць па краіне - амаль 28 цэнтнераў з гектара. Гэта менш у параўнанні з мінулым годам. Тут адыграла ролю і нядаўняя дажджлівая непагадзь. Пры гэтым тэмпы гэтай кампаніі вышэйшыя. У Беларусі ўжо ўбралі траціну плошчаў. Гэта практычна ў 5 разоў больш, чым да 30 ліпеня мінулага года.

У лідарах уборачнай па-ранейшаму Брэсцкая вобласць. На рахунку 665 тысяч тон хлеба. Гродзенскі рэгіён намалаціў 530, Мінскі - 487 тысяч тон збожжавых. Актыўна ўключыліся ў працу Магілёўскі і Віцебскі рэгіёны.

І, дарэчы, наша самая паўночная вобласць ужо ўсталёўвае свае рэкорды. Ураджайнасць на некаторых палях дасягае 102 цэнтнераў з гектара. З'явіўся і першы ў рэгіёне экіпаж-тысячнік.

Апошнія навіны з палёў паўночнага рэгіёна - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Трэцюю ўборачную Леанід Аляксеенка праводзіць за штурвалам камбайна. Памочнік - Павел Ханяк. А разам яны моцны моладзевы экіпаж, паціснуць руку якому прыехаў кіраўнік вобласці. Менавіта гэтыя хлопцы першымі на поўначы краіны намалацілі тысячу тон хлеба.

Першымі ўбіраюць палі з азімымі культурамі. Зараз экіпаж абмалочвае гібрыднае жыта сорта "бона". Ураджайнасць не ніжэйшая за 50 цэнтнераў з гектара. А на асобных участках бартавы камп'ютар камбайна фіксуе да 100 цэнтнераў на круг.

У масавую ўборку ўключыліся ўсе раёны Віцебскай вобласці. Збожжавыя і зернебабовыя на поўначы краіны скошаныя на 12 % плошчаў.

Гарачае надвор'е дапамагае аграрыям эканоміць. Зараз з поля збожжа паступае 18-працэнтнай вільготнасці. Каб дасягнуць аптымальных для захоўвання 14 %, дастаткова некалькіх гадзін дапрацоўкі на сушыльным комплексе.

Шматлікія з іх працуюць на мясцовых відах паліва. А гэта істотная эканомія. У Лагойскім раёне пайшлі далей. Каб павысіць рэнтабельнасць, тэхніку абсталявалі GPS-навігатарамі і зараз за працай камбайнаў і трактароў сочаць у анлайн-рэжыме.

Пакуль праект тэстуюць. Датчыкі сачэння ўсталявалі на паўсотні новых агрэгатаў.

Падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу ўжо пачалася. А на поўначы краіны паралельна са жнівом аграрыі вядуць другі ўкос травы. На сельгасугоддзях у Лепельскім раёне працуюць два прэс-падборшчыкі, якія пакуюць і кансервуюць сянаж у стрэтч-плёнку. Такая тэхналогія дазваляе захаваць на максімальна працяглы тэрмін пажыўнасць зялёнай масы.

Пытанне нарыхтоўкі кармоў было ключавым і на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта. Тады Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на якасці і прытрымліванні тэхналогій нарыхтоўкі і захоўвання. Галоўнае - забяспечыць патрэбнымі запасамі кожную гаспадарку краіны, каб выключыць дарагое перакідванне паміж раёнамі.

Віцебская вобласць плануе нарыхтаваць больш за мільён 100 тысяч тон кармоў і захаваць іх якасць і пажыўнасць на працягу ўсяго года. Для гэтага ў рэгіёне абсталююць новыя сянажныя траншэі. Сёлета пабудавана 56, у працы 122.