Працягваецца візіт выканкама Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Беларусь

23 марта 2018

Сёння касманаўты са Злучаных Штатаў Амерыкі, Расіі, Германіі, Кітая сустрэліся з прэм'ер-міністрам. Андрэй Кабякоў падзякаваў удзельнікам выканкама за давер правесці ў Мінску сёлета ў верасні 31-ы планетарны касмічны кангрэс. Запрошаныя эксперты падкрэслілі ўклад беларускіх навукоўцаў і астранаўтаў у вывучэнне касмічнай прасторы.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Мы ўсведамляем, разумеем, і асабліва тыя, хто да гэтага блізкі, што любы касмічны палёт заўсёды спалучаны з пэўнай ступенню рызыкі, заўсёды ёсць выпадковыя фактары, але яны пераадольваюцца паспяхова. І мы вельмі шануем гэтых людзей, якія мужна ідуць на гэтыя крокі і здзяйсняюць іх у імя навукі".

На сустрэчы ў Савеце Міністраў таксама прысутнічаў касманаўт-выпрабавальнік, Герой Расійскай Федэрацыі Алег Навіцкі. Напярэдадні ён прыбыў у Мінск, каб сустрэцца з калегамі з іншых краін і абмеркаваць праграму маючага адбыцца касмічнага кангрэса.