Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта ў Егіпет

20 Лютага 2020
Сёння ў Каіры працягнецца беларуска-егіпецкі дыялог. Учора адбылося некалькі раўндаў перамоў на вышэйшым узроўні. Паміж краінамі падпісаны пакет дакументаў, які паспрыяе развіццю кантактаў. Беларусь і Егіпет робяць стаўку на сумесныя прадпрыемствы, а таксама на супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, бяспекі і інфармацыйных тэхналогій. Сёння ж пройдзе першае пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва - разлічваюць, што па выніках дня папоўніцца і скарбонка бізнес-кантрактаў. А што яшчэ? З Каіра наш аглядальнік Наталля Брэвус. 

Другі дзень перамоў у Каіры будзе не меней насычаным: чакаецца, што прэзідэнты і гэты дзень правядуць разам. Напярэдадні пасля некалькіх раўндаў сустрэч стала зразумела: закрытых тэм няма, а вось настрой развіваць супрацоўніцтва ў самых розных сферах ёсць.

Ад прамкааперацыі да інавацый - такая ўсебаковая цікавасць Мінска і Каіра. Апошнія тры гады адносіны паміж краінамі развіваюцца інтэнсіўна. Лідары ўсяляк гэтаму спрыяюць. Расце гандаль з гэтым важным партнёрам у блізкаўсходнім рэгіёне - летась на траціну. У тым ліку і за кошт сумесных праектаў па стварэнні мазаўскай тэхнікі, камбайнаў і трактароў. Задача - першым чынам павялічыць лакалізацыю і забяспечыць аператыўны сэрвіс. 

Новыя пункты росту

Тэмп паміж Мінскам і Каірам быў узяты хуткі - што далей? Падлучаюць інавацыі, адукацыю, навуку - вось дзе новыя пункты росту. Прасоўваць гатовыя на егіпецкі рынак высокатэхналагічную прадукцыю - ад сістэм грамадскай бяспекі да медабсталявання, дапамагаць з лічбавізацыяй і IT. Усё больш студэнтаў з гэтай краіны прыязджаюць да нас па падрыхтоўку - адзін з падпісаных учора дакументаў датычыцца якраз адукацыі.

У гэтыя дні ў Каіры праходзіць кантактна-кааперацыйная біржа. Перамовы праводзяць больш як 30 беларускіх і каля 120 егіпецкіх кампаній. Разлічваюць, што па выніках папоўніцца скарбонка бізнес-кантрактаў. 

Упершыню збярэцца наш агульны савет дзелавога супрацоўніцтва. Пройдзе і беларуска-егіпецкая выстава, якую, як чакаецца, наведаюць прэзідэнты Беларусі і Егіпта. Там пакажуць сумесныя напрацоўкі ў прамысловасці і навуцы, а таксама перспектыўныя і высокатэхналагічныя прапановы беларускага боку. Што будзе вельмі дарэчы для Егіпта, які замахнуўся на шэраг амбіцыйных праектаў.