Выпрабавальны запуск завода па вытворчасці беленай цэлюлозы прызначаны на кастрычнік

20 мая 2015

Выпрабавальны запуск завода па вытворчасці беленай цэлюлозы ў Светлагорску прызначаны на кастрычнік - аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік урада ацаніў  тэмпы і якасць будаўніцтва новага завода. Гэта беларуска-кітайскі праект коштам у 800 мільёнаў долараў. З іх 85% - сродкі крэдыту Эксімбанка Кітая. Магутнасць   вытворчасці тут складзе 400 тыс. тон цэлюлозы за год. Выпуск прадукцыі цалкам забяспечыць запатрабаванні ўнутранага рынку, трэць адправяць на экспарт.

Другі пункт у графіку беларускага прэм'ера сёння - наведванне Гомсельмаша. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, пры наяўнасці плацежаздольнага попыту прадпрыемству будзе аказаная дзяржпадтрымка.

Сёння Гомсельмаш   прапаноўвае камбайны новага пакалення. Геаграфія паставак - 29 краін: СНД, ЕС, Азія, Паўднёвая Амерыка. Гігант сельгасмашынабудавання ўзмоцніць супрацоўніцтва з Кітаем. У Паднябеснай пабудуюць 2 заводы па зборцы збожжаўборачнай тэхнікі беларускага брэнда.