Пробны пуск энергаблока Беларускай АЭС плануецца ў сакавіку 2019 года

13 октября 2018

Пробны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца ажыццявіць у сакавіку 2019 года. Сёння работы на аб’екце выйшлі на фінішную прамую. Да канца года ў Астравец будзе дастаўлена першая партыя ядзернага паліва. Адначасова з будаўніцтвам станцыі развіваецца і сам горад атамшчыкаў. Тут з’явіліся новыя мікрараёны, пашыраецца сацыяльная інфраструктура, што дазволіла прыняць сотні маладых спецыялістаў з усёй краіны.

Юрый Карняловіч ацаніў перспектывы самага маладога горада Беларусі.

Сёння Беларуская атамная электрастанцыя паступова набывае свой завершаны выгляд. Асноўныя аб’екты ўжо ўзведзены, таму работы праводзяцца пераважна ўнутры энергаблокаў. Ажыццяўляецца мантаж асноўнага абсталявання і тэхналагічных сістэм. Да канца года плануецца завяршыць работы ў рэактарным адсеку першага энергаблока і правесці гідравыпрабаванні. Усё павінна быць гатова да завозу ядзернага паліва. Шматлікія лініі электраперадачы ўжо падведзены да АЭС. Менавіта па іх першыя кілаваты электраэнергіі будуць дастаўляцца да спажыўцоў.

Вырашэнне жыллёвага пытання – прыярытэтная задача кіраўніцтва раёна. У самым маладым горадзе краіны (а Астравец набыў такі статус усяго 6 гадоў таму) пабудавана амаль тры з паловай тысячы новых кватэр. З’явіліся тры мікрараёны з адпаведнай інфраструктурай.

Адкрываюцца і новыя дашкольныя установы. Так, чацвёрты яслі-сад на 190 месцаў першых наведвальнікаў прыняў усяго два месяцы таму, сёння ён поўнасцю ўкамплектаваны. Па кваліфікацыі выхавальнікаў і тэхнічнай аснашчанасці садок не саступае аналагічным установам нават у сталіцы.

Для маладых спецыялістаў у Астраўцы зялёнае святло. Шэраг прэферэнцый, магчымасць атрымаць працу і ўласнае жыллё зрабілі горад прывабным для маладых сем’яў. Інга Купрэвіч з мужам і дзецьмі год таму прыехалі з Карэліцкага раёна. Адразу знайшлі працу па спецыяльнасці, атрымалі арэнднае жыллё. Далейшы свой лёс маладая сям’я плануе звязаць выключна з Астраўцом.

У найбліжэйшай перспектыве ў Астраўцы плануюць адкрыць новую раённую бальніцу і закласці яшчэ адзін мікрараён. Пасля ўводу ў строй Беларускай АЭС насельніцтва горада атамшчыкаў павінна павялічыцца ў два разы - да 20 тысяч чалавек.