Прааналізаваны вынікі ўборкі ўраджаю збожжавых

21 августа 2014

Сёлета Беларусь атрымлівае рэкордны ўраджай збожжавых. З улікам кукурузы беларускія аграрыі ў гэта жніво плануюць сабраць больш за 10 мільёнаў тон збожжавых. Вынікі ўборкі сёння прааналізавалі прадстаўнікі Мінсельгасхарча. У чым жа галоўны фактар поспеху аграрыяў - пацікавілася наш карэспандэнт Святлана Канапацкая.


Сёлета краіна будзе з хлебам. Уборка прайшла ў сціснутыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.


На сённяшні дзень па краіне ўбрана 99,3% плошчаў. Намалочана 9 мільёнаў і амаль 167 тысяч тон. Усе вобласці сёлета перасягнулі бар'ер аднаго мільёна тон. Мінскаму рэгіёну гэта ўдалося зрабіць двойчы.


Сярэдняя ўраджайнасць па краіне амаль 40 цэнтнераў з гектара. А ўсяго 2 дзясяткі гадоў таму такую ўраджайнасць атрымлівалі толькі лічаныя гаспадаркі. Сёння гэтую планку перасягнулі аграрыі ў больш як 40 раёнах краіны. У некаторых раёнах убіраюць і 70, і 80, а ў СВК Прагрэс-Верцялішкі Гродзенскага раёна ўраджайнасць склала 99 ц/га, Гастэлаўскае ў Мінскім раёне выйшла на 94 ц/га, у ААТ Новае жыццё (Нясвіжскі раён) - 92,4 ц/га. Так, з надвор'ем у гэта лета пашанцавала. Але сонца дарыла цяпло ў іншыя гады, а вынік парадаваў толькі зараз. Сакрэт у іншым, сцвярджаюць спецыялісты. Першы фактар - укладзеныя ў развіццё аграрнага сектара сродкі даюць вынік.


Васіль Седзін, намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання: За апошнія гады вельмі шмат зроблена для сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, мы пераўзброілі нашу зернеперапрацоўчую галіну. У цэлым па краіне за тры гады пабудавана 560 зернесушыльных комплексаў. Акрамя таго, пабудавана збожжасховішчаў агульнай умяшчальнасцю каля 1 мільёна тон.


Важна і тое, што за 2 гады прамыя фінансавыя ўліванні ў аграрны сектар з дзяржбюджэту скараціліся ўдвая. Рэзервы для развіцця даюць рашэнні ўрада, падмацоўваюцца ўказамі Прэзідэнта. І яшчэ адзін фактар цяперашняга поспеху - строгае прытрымліванне тэхналагічнага працэсу. У лексікон аграрыяў, дарэчы, з падачы Кіраўніка дзяржавы, трывала ўвайшоў новы выраз - дыктатура тэхналогій.


Добры вынік у аграрыяў і па іншых культурах. Агародніны атрымаюць больш чым летась, што дазволіць не толькі забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку, але і паставіць частку прадукцыі на экспарт. Спрацуе на экспартны плюс і ўвесь прадуктовы ланцужок - у планах Мінсельгасхарча да канца года павялічыць пастаўкі ў Расію таксама мясной і малочнай прадукцыі. Рост практычна на 40%.


10 мільёнаў тон збожжа ў Беларусі. Лічба, агучаная Прэзідэнтам, яшчэ некалькі гадоў таму здавалася фантастыкай. Сёння гэта рэальнасць. Больш за тое, нават сціплыя ў прагнозах аграрыі сцвярджаюць, што гэта не мяжа магчымасцям.