Прэзідэнты Беларусі і Украіны абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва

4 октября 2019

II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны і першая асабістая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Жытоміры.

А. Лукашэнка прыбыў у Жытомір

У аэрапорце Кіраўніка беларускай дзяржавы сустрэў асабіста Уладзімір Зяленскі. Пасля прылёту каля трапа верталёта дзяўчаты ў нацыянальных украінскіх касцюмах паднеслі беларускаму лідару хлеб-соль. Прэзідэнты цёпла павіталі адзін аднаго і членаў дэлегацый. Далей Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі накіраваліся на перамовы на адным аўтамабілі.

А. Лукашэнка і У. Зяленскі правялі перамовы

Лідары падрабязна абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, абмяняліся меркаваннямі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. Беларускі лідар падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму ад імя ўсёй нашай дэлегацыі, адзначыўшы, што ў Жытомір на Форум рэгіёнаў увогуле прыехалі амаль паўтысячы чалавек. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, нашы народы разумеюць адзін аднаго, хоць і размаўляюць на розных мовах, і выказаў упэўненасць, што ўсе дамоўленасці паміж Беларуссю і Украінай будуць выконвацца.

Прэзідэнты Беларусі і Украіны абмеркавалі супрацоўніцтва

Перамовы лідараў дзвюх краін працягваліся больш за дзве з паловай гадзіны замест запланаваных 45 хвілін па афіцыйнай праграме. Падрабязнасці вялікай размовы былі названы на пашыраным пасяджэнні. Так, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты. Акрамя таго, Беларусь прапануе Украіне ствараць сумесныя прадпрыемствы і супрацоўнічаць у ракетабудаванні. А наша мяжа не павінна быць перашкодай для перамяшчэння людзей, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Не абышлі бокам і тэму ваенных дзеянняў у Данбасе. Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены ў паспяховым мірным урэгуляванні канфлікту. Уладзімір Зяленскі падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за перагаворную пляцоўку ў Мінску.

Асноўны дзень II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны

У гэтыя хвіліны кіраўнікі дзяржаў прымаюць удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Тут праца ідзе з раніцы. Нагадаем, сёння асноўны дзень перагаворнай пляцоўкі. Напярэдадні былі заключаны першыя кантракты. Дамоўленасці перавысілі 500 мільёнаў долараў. Скарбонку папоўнілі дамоўленасці ў нафтахімічнай галіне, чакаюцца буйныя пастаўкі ва Украіну нашых БелАЗаў і тэхнікі "Амкадор". Беларусь зацікаўлена развіваць  кааперацыйныя сувязі з Украінай  у прамысловасці і сельскай гаспадарцы.