Пра рабочага чалавека як галоўную апору дзяржавы гаварылі сёння ў Талачынскім раёне. Прэзідэнт пабываў там з рабочай паездкай і азнаёміўся з перспектывамі аграсектара.
Мясцовая вытворчасць спецыялізуецца ў тым ліку на вырошчванні бульбы. Талачынскі кансервавы завод апошнія гады асвойвае сучасныя тэхналогіі вырошчвання, перапрацоўкі і захоўвання. Гэты прыклад арганізацыі працы - адзін з самых прадукцыйных, яго можна ўзяць на ўзбраенне і астатнім.
Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўборку бульбы і беларускую тэхніку. Таксама прэзідэнт пагаварыў з камбайнерамі і механізатарамі, абмеркаваў з імі перавагі і недахопы сельгасмашын і працу ў полі. Практычна ўсе работнікі ў гарачы сезон працуюць без выхадных.
У Беларусі завяршаецца ўборка бульбы
Зараз уборка бульбы ў краіне практычна завершаная, засталося 11 % плошчаў. Сельгазарганізацыі ўжо атрымалі амаль 600 тысяч тон бульбы. Яе рэалізуюць у гандлёвых сетках, на кірмашах, пастаўляюць на экспарт і ў прамысловую перапрацоўку, закладваюць у стабілізацыйныя фонды і ў сховішчы. Да канца года Талачынскі кансервавы завод плануе завяршыць будаўніцтва цэха хуткага замарожвання. Тут будуць вырабляць бульбу-фры з уласнай сыравіны з выкарыстаннем айчыннай тэхналогіі. Аб'ёмы вытворчасці дазволяць цалкам замясціць імпарт аналагічнай прадукцыі.
Абмеркавалі падчас паездкі і вынікі аграрнага сезона ў цэлым. Год адпрацавалі прадукцыйна. Разам з кукурузай ураджай збожжавых перавысіць 10 мільёнаў тон.
Самая высокая ўраджайнасць у краіне
Для рабочай паездкі месца было выбрана невыпадкова. На землях Талачынскага кансервавага завода - самая высокая ўраджайнасць бульбы ў краіне. Тут яна дасягае амаль 500 ц/га пры сярэдняй па Беларусі каля 300. Сам жа завод - адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі з больш як 100-гадовай гісторыяй. З 2006 года ён уваходзіць у склад Навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук.













