Прэзідэнт Малдовы наведаў Мінскі трактарны завод

17 июля 2015

У нашай краіне працягваецца афіцыйны візіт прэзідэнта Малдовы. Мікалай Цімофці сёння наведаў Мінскі трактарны завод і азнаёміўся з тэхнікай, якую выпускаюць машынабудаўнічыя прадпрыемствы сталіцы. Мікалай Цімофці праехаў на аўтобусе МАЗ апошняй распрацоўкі, а таксама на энерганасычаным трактары МТЗ. Пасля тэст-драйва выказаў задаволенасць беларускай тэхнікай. Дарэчы, асаблівай папулярнасцю ў малдаўскіх фермераў карыстаецца 921 мадэль. Гэты трактар зроблены спецыяльна для апрацоўкі вінаграднікаў. Сёлета на палі Малдовы выехалі паўтары сотні новых беларускіх сельскагаспадарчых машын. Адзначым, у Кішынёве з 2004 працуе і гандлёвы дом МТЗ. За гэты час на рынак рэспублікі паставілі каля 4 тысяч трактароў.

Падчас візіту прадстаўнікі дзвюх дэлегацый дамовіліся наведаць Кішынёў, каб больш дэталёва пазнаёміцца з дарожнай інфраструктурай сталіцы Малдовы і вызначыць, якія мадэлі аўтобусаў і тралейбусаў будуць курсіраваць па вуліцах горада.