Прэзідэнт Кыргызстана падпісаў закон аб далучэнні краіны да Еўразійскага эканамічнага саюза

21 мая 2015

Напярэдадні дакумент ратыфікавалі ў парламенце краіны. Паводле слоў  Алмазбека Атамбаева, уступленне ў ЕАЭС адкрые перад эканомікай Кыргызстана новыя магчымасці і надасць дадатковы імпульс да больш дынамічнага развіцця.

Ператварэнне чацвёркі ў еўразійскую пяцёрку лідары Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана абмяркоўвалі яшчэ 8 мая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве. Бішкек выканаў дарожную карту па далучэнні да Саюза. Да поўнай інтэграцыі заставаўся тэхнічны момант. Афіцыйнае ўступленне ў ЕАЭС адбудзецца пасля таго, як усе краіны-ўдзельніцы зацвердзяць пагадненне. У Бішкеку выказваюць спадзяванне, што гэта адбудзецца ўжо летам. Еўразійскі эканамічны саюз стаў рэальнасцю з 1 студзеня. Агульны рынак тавараў, паслуг, рабочай сілы без усякіх бар'ераў - гэта спроба стварыць глабальную эканоміку на постсавецкай прасторы.

Гэта пытанне сёння стала галоўнай тэмай і ў Астане. Рашэннем  найбуйнейшых бізнес-асацыяцый Казахстана, Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана створаны дзелавы савет ЕАЭС. Адпаведнае пагадненне падпісана на эканамічным форуме. Ён заменіць сабой  пляцоўку "Бізнес-дыялог", якая аб'ядноўвае найбуйнейшыя бізнес-асацыяцыі Казахстана, Беларусі і Расіі, ужо ўключаючы новых членаў.