Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка

5 августа 2019

Самае дынамічнае супрацоўніцтва Беларусі з міжнародным фінансавым інстытутам. Гэта пра партнёрства афіцыйнага Мінска з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам.

Усяго за паўтара года партфель інвестпраектаў перавысіў 300 мільёнаў еўра. Падобнай дынамікі сапраўды няма ні з адным іншым стратэгічным крэдыторам у свеце. Пра важнасць доўгатэрміновых укладаў пад невысокую стаўку для стабільнага развіцця не толькі Беларусі, але ўсяго рэгіёна ішла размова сёння на сустрэчы беларускага лідара з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестбанка. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на ключавыя для краіны і Еўропы праекты з удзелам банка. А гэта транспартны калідор Мінск - Ашмяны - Літва як новая лагістычная артэрыя для краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Плюс ачыстка вады ў мінскай агламерацыі, цеплавая рэнавацыя жылля і перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, напрыклад, дровы. Экалагічны эфект адчуюць не толькі мінчане, але і дзясяткі мільёнаў еўрапейцаў - жыхароў басейнаў Дняпра і Чорнага мора. Усе праекты нацэленыя на ўстойлівае развіццё і высокую якасць жыцця ў Беларусі і Цэнтральнай Еўропе. 

Адзначым, крэдыты банка - гэта доўгія і недарагія грошы, выгадныя для эканомікі. Тэрмін пагашэння - звыш 15 гадоў, ёсць ільготны перыяд, а стаўка па крэдыце - адна з самых нізкіх у свеце. Такія пазыкі лагічна выдаткоўваць на вялікія інфраструктурныя праекты: дарогі, энергетыку, экалогію, лічбавізацыю дзяржпаслуг і якасць жыцця людзей. Гэтыя праекты не прыносяць хуткай фінансавай аддачы, але працуюць на стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. І менавіта ў гэтым Еўрасаюз бачыць свае выгады ад інвестыцый банка.