Прэзідэнт Беларусі правёў грунтоўныя перамовы з кіраўніком "Раснафты" Ігарам Сечыным

23 Лютага 2020
Тэма нафты атрымала працяг у аўторак. Прэзідэнт Беларусі сустрэўся і правёў грунтоўныя трохгадзінныя перамовы з кіраўніком "Раснафты" Ігарам Сечыным. І гэты дыялог з найбуйнейшай нафтавай кампаніяй усходняй суседкі характэрны адразу па дзвюх прычынах. Па-першае, ён быў нефармальным,  так вызначыў яго сам Кіраўнік дзяржавы. Можна было абмеркаваць больш, чым па строгім пратаколе. А, па-другое, развеялі міф, выдуманы некаторымі СМІ і аўтарамі ў Расіі, якія прадракалі  ледзь не блакаду Беларусі Крамлём. Маўляў, Аляксандр Лукашэнка ў Сочы не здаў нацыянальныя інтарэсы, адстойвае сусветную цану нафты без прэмій і з адкрытым  доступам да трубы - значыць, Масква ўносіць яго ў чорны спіс - буйному бізнесу, губернатарам і сенатарам забаронена ездзіць да прынцыповага саюзніка. 

Але Сечын прыехаў, як і губернатар Архангельскай вобласці. Ды і іншыя кіраўнікі рэгіёнаў, смею выказаць здагадку, Мінск абыходзіць бокам не маюць намеру. Занадта шматлікае звязвае  нас і не толькі ў эканоміцы. Так што вось такая яна,  рэальная, а не міфічная карціна беларуска-расійскіх адносін. Рашэнні па выніках гэтай сустрэчы, думаю, не прымусяць сябе чакаць. Бо Беларусь ужо два месяцы недаатрымлівае з Расіі замацаваныя ўрадамі ў балансе аб'ёмы нафты. А гэта ставіць пад пагрозу і міждзяржаўныя адносіны і шырэй – энергабяспеку ўсяго рэгіёна. 

Нагадаем толькі, што Мінск не просіць для сябе ніякіх скідак і спецыяльных умоў. Нафта - па сусветнай цане, але без прэмій нафтавым кампаніям. Інакш атрымліваецца, гэта Беларусь будзе датаваць далёка не бедных нафтавікоў. Зрэшты, упартыя перамовы па вуглевадародах дазволілі Беларусі адкрыць трубу для невялікіх нафтаздабытчыкаў - гэта рашэнне Прэзідэнт прывёз з Сочы. Плюс пралічыць і рэальна выпрабаваць новыя каналы пастаўкі сыравіны.

Гэта можа і не так выгадна, як па трубе з Расіі. Але гэта дыверсіфікаванне, чытай - суверэнітэт і моцная пазіцыя ў перамовах любога ўзроўню.  Зрэшты, і на гэтым не скончыўся перагаворны марафон па нафце. У мінулую пятніцу Прэзідэнт збіраўся сустрэцца з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым. Аднак звыклы для журналістаў фармат сустрэчы  рэзка змяніўся, калі Аляксандр Лукашэнка, увойдучы ў залу для перамоў, сказаў: "Тэлефанаваў Пуцін".

Кіраўнік Крамля не з тых, хто набірае проста так. "Нечаканая прапанова" - так беларускі лідар ацаніў размову са сваім калегам. І, вядома,  самае важнае - Расія гатова кампенсаваць страты нашай краіны ад нафтавага падатковага манеўру,  а гэта на дадзены момант прыкладна 430 мільёнаў долараў. Беларускія эканамісты, зрэшты, як і расійскія, селі за пралік новай формулы. Менавіта яна вызначыць, якім чынам мы атрымаем кампенсацыю. Увогуле, будзем сачыць за тым, які механізм выплат задаволіць абодва бакі. Але важна, што справа зрушылася з нафтавай кропкі,  і ўпершыню за доўгі час гэта пазітыўныя рухі.