Прэзентацыя будаўнічай і камунальнай тэхнікі кітайскім партнёрам

13 апреля 2017

Беларуска-кітайскае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва будзе развівацца шляхам рэалізацыі буйных прамысловых праектаў. Ад гэтага атрымаюць выгаду народы абедзвюх краін. Пра гэта сёння заявілі на Мінскім аўтазаводзе, які наведала дэлегацыя правінцыі Хунань. Тут госці пазнаёміліся з двюма мадэлямі кранаў і камунальнай тэхнікай. Іх доследныя ўзоры зрабілі на заводзе ў Магілёве на сумесным беларуска-кітайскім прадпрыемстве. У перспектыве такую спецтэхніку будуць збіраць на заводзе, які пабудуюць у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Ду Цзяхаа, сакратар Камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань:

«У шасі МАЗ ёсць пэўныя перавагі, і ў кампаніі "Зумліён", якая вырабляе навясное абсталяванне, таксама свае плюсы. Таму супрацоўніцтва паміж гэтымі прадпрыемствамі дае нам новы імпульс у развіцці. Я ўпэўнены, што за вытворчасцю якаснай тэхнікі прыйдзе яе рэалізацыя на сусветным рынку».

Адзначым, да канца года сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства распрацуе восем новых мадэляў спецтэхнікі.