Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі правядуць перамовы ў Маскве

24 мая 2019

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі правядуць сёння перамовы ў Маскве.  Галоўнае пытанне, якое плануюць абмеркаваць Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў, - гэта сітуацыя, звязаная з нафтаправодам "Дружба". 

У сярэдзіне красавіка канцэрн "Белнафтахім" паведаміў аб пастаўках некандыцыйнай нафты з Расіі.  Два беларускія заводы вымушана скарацілі аб'ёмы нафтаперапрацоўкі, быў прыпынены транзіт у Еўропу.  Транснафта прызнала наяўнасць забруджванняў.  Мінск  запатрабаваў кампенсацыі.  Была створана беларуска-расійская рабочая група.  Па словах кіраўніка ўрада Беларусі, узгоднена дарожная карта, і некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі. 

Падчас сённяшняй сустрэчы таксама будзе абмяркоўвацца комплекс пытанняў, звязаных з інтэграцыйным працэсам і станам гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі.