Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым

25 мая 2017

Беларусь і Татарстан павінны аднавіць тавараабарот у 2 мільярды долараў. Такая дамоўленасць была дасягнутая сёння падчас перамоў прэм'ер-міністра нашай краіны Андрэя Кабякова з прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым. Станоўчая дынаміка ў гэтым кірунку ўжо ёсць. Татарстан для нас - адзін з найбуйнейшых гандлёвых партнёраў у Расіі. На далейшае развіццё Беларусь разлічвае і ў вытворчай кааперацыі з рэспублікай, у прыватнасці, у машынабудаванні. Партнёры маюць намер актывізаваць узаемадзеянне таксама ў нафтахіміі. Добры патэнцыял ёсць і ў навукова-тэхнічнай сферы. Аб чым яшчэ дамовіліся на сустрэчы - падрабязнасці з Казані ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Казань - трэцяя сталіца Расіі, а казанскі крэмль - сэрца і душа горада. Ён быў пабудаваны ў 15 стагоддзі на месцы разбуранай татарскай крэпасці. Першапачаткова крэмль быў драўляны, а каменным, як зараз, стаў пры Іване Грозным. Тады, зрэшты, як і сёння, крэмль быў не толькі культурным, але і палітычным цэнтрам Казані.

Менавіта тут, на тэрыторыі крамля, знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Татарстана. Сёння сюды з рабочым візітам прыбыў прэм'ер-міністр Беларусі. Андрэй Кабякоў і Рустам Мініханаў сустракаюцца не першы раз. У сакавіку мінулага года кіраўнік беларускага ўрада ўжо наведваў Татарстан.

Татарстан - найбуйнейшы эканамічны партнёр Беларусі. Адзін з важных кірункаў - прамысловая кааперацыя. Створаныя сумесныя зборачныя вытворчасці сельгастэхнікі Мінскага трактарнага завода. У планах адкрыць гандлёвы дом "МТЗ-ЕлАЗ". Гэта дапаможа шырэй прадстаўляць беларускую тэхніку на расійскім рынку. Таксама Татарстан зацікаўлены ў пастаўках беларускіх трамваяў і аўтобусаў. Партнёры абмеркавалі супрацоўніцтва і ў нафтахіміі. Сёння на тэрыторыі Беларусі паспяхова рэалізуецца праект па будаўніцтве сеткі аўтазаправачных станцый "Татнафта".

Казань называюць спартыўным горадам. У 2011 годзе тут прайшоў чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. У 2013-м горад прымаў XXVII Сусветную летнюю ўніверсіяду. У 2014-м - чэмпіянат свету па фехтаванні. Яшчэ праз год правёў чэмпіянат свету па водных відах спорту. Зараз Казань рыхтуецца да чэмпіянату свету па футболе. Таму візіт прэм'ер-міністра Беларусі на "Казань-Арэну" невыпадковы. Гэта адзін з самых змяшчальных стадыёнаў Расіі. Разлічаны больш чым на 45 тысяч гледачоў.

Таксама сёння беларуская дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам краіны наведала тэхнаполіс "Хімгорад". Гэта сучасны індустрыяльны парк, які забяспечвае рэзідэнтам хуткі старт вытворчасцяў. Кампаніі маюць падатковыя льготы і займаюцца навуковымі распрацоўкамі ў розных сферах - ад вытворчасці поліэтылену да сельскай гаспадаркі. Беларусь як аграрную краіну зацікавіў гіганцкі дрон, створаны для распылення ўгнаенняў з паветра.

А заўтра ў Казані адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. У планах - разгледзець 13 праектаў дакументаў. Гэта ўзаемадзеянне краін Садружнасці ў сферы інавацый, транспартнай бяспекі, выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах. Таксама будуць узнімацца пытанні барацьбы з распаўсюджваннем кантрафактнай прадукцыі і абароны інтэлектуальнай уласнасці. У гэты ж дзень пройдзе Еўразійскі міжурадавы савет. Асноўныя тэмы абмеркавання - эканоміка, мытнае супрацоўніцтва, прамысловасць і сельская гаспадарка.