Прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі і Пакістана падпісалі 12 пагадненняў

27 мая 2015

Цэнтрам заключэння бізнес-кантрактаў гэтымі днямі стаў Ісламабад.

Да гэтага моманту прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі і Пакістана падпісалі 12 пагадненняў. Агульная сума - 50 мільёнаў долараў. Сёння тут праходзяць сустрэчы бізнесменаў і міністэрскага корпуса дзвюх краін.

За ходам перамоў з Ісламабада сочыць Сяргей Гусачэнка.

У Пакістане працягваюцца актыўныя перамовы дзелавых колаў дзвюх краін. Варта адзначыць, што напярэдадні візіту беларускага лідара база ўжо напрацавана даволі сур'ёзная. Сума заключаных кантрактаў пераваліла за 50 мільёнаў долараў. Калі першыя два дні тыдня прайшлі пад знакам бізнес-форуму, сёння сустрэчы маюць так званы кропкавы характар. З беларускай дэлегацыяй мы размясціліся ў адным гатэлі і дынаміку адносін здольныя ацаніць асабіста. Як і ў папярэднія дні, ужо з раніцы міністэрскі корпус, кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікі гандлю раз'ехаліся ў розныя часткі Ісламабада для перамоў з пакістанскімі калегамі.

Калі гаварыць пра канкрэтныя сферы, выдзеліць варта тры. Сельская гаспадарка - гэта чвэрць мясцовага ВУП - тут і тэхніка, і новыя вытворчасці, здабыча карысных выкапняў (пакістанцы прапаноўваюць пабудаваць цэлы завод па выпуску ўгнаенняў), і лёгкая прамысловасць, якая з'яўляецца асноўным рухавіком індустрыяльнага сектара.

Буйныя гандлёвыя пагадненні, апроч Беллёгпрама, у цэлага шэрагу прадпрыемстваў. МТЗ, БелАЗ, Нафтан, Белшына, усяго іх больш за дзясятак - на працягу тыдня пра іх мы падрабязна распавядалі. Гаворка ідзе аб продажы гатовай прадукцыі, пастаўцы камплектуючых і стварэнні зборачных вытворчасцяў. Асобна тут стаіць, зразумела, Мінскі трактарны. За ўсе гады яшчэ з 50-х на палях краіны працавалі і працуюць больш за 100 тысяч трактароў.

Напярэдадні ў гандлёва-прамысловай палаце Пакістана агучылі жаданую лічбу тавараабароту - гэта 1 мільярд долараў. Зараз, нагадаю, толькі 60 мільёнаў. Сур'ёзную планку, на думку бакоў, узяць цалкам па сілах.

Зроблены і важны крок у дадзеным кірунку. Падпісана адразу два пагадненні: аб кааперацыі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін і больш шырокі дакумент - аб стварэнні дзелавога савета. Першае пасяджэнне плануюць правесці ўжо восенню ў Мінску.

Вядома, усе чакаюць сустрэчы на вышэйшым узроўні. Без сумнення, гэта дадатковы імпульс у двухбаковых адносінах. Праграма візіту беларускага лідара вельмі насычаная. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца не толькі з пакістанскім калегам, але і па сутнасці з усім кіраўніцтвам краіны. Асобныя пункты праграмы ўключаюць перамовы з прэм'ер-міністрам Ісламскай Рэспублікі і спікерам нацыянальнай асамблеі парламента.

Ужо заўтра за стол перамоў сядуць прэзідэнты дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка прыбудзе ў Пакістан упершыню - борт беларускага лідара прызямліцца ў другой палове дня. На разглядзе бакоў знаходзяцца праекты дзясяткаў міжурадавых пагадненняў - значную частку плануюць падпісаць па выніках візіту. Гістарычны прыезд беларускага лідара актыўна абмяркоўваюць дзелавыя колы і шырока анансуе мясцовая прэса. Бо інфармацыйных падстаў для журналістаў заўтра будзе нямала.