Старшыня Камітэта дзяржкантролю наведаў ААТ "Камароўка"

8 июня 2015

Перш чым браць крэдыты і ўвасабляць у жыццё любы інвестпраект, спачатку трэба пралічыць усе за і супраць. Пра гэта сёння заявіў старшыня Камітэта дзяржкантролю падчас наведвання ААТ "Камароўка". Леанід Анфімаў пабываў на птушкафабрыцы як найбольш праблемным звяне прадпрыемства. Тут пакуль працуюць у мінус, загружанасць на вытворчасці - крыху больш за палову. Баласт, які не дазваляе выйсці на рэнтабельную працу, - гэта закрэдытаванасць. Запазычанасць банкам сёння - больш за 300 мільярдаў рублёў. Другая праблема ў тым, што корм на птушкафабрыцы прывазны. У выніку прадукцыя дарагая і не канкурэнтаздольная.

Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі:

"Лініі, якія стаяць, займаюць усяго толькі траціну вытворчага цэха. А можна было б усталяваць тры такія лініі. Значыць, трэба ісці на тое, што калі будуць грошы ў гэтага прадпрыемства, ставіць яшчэ некалькі ліній з улікам кан'юнктуры рынку. Не думаю, што сёння прадпрыемства цалкам вычарпала свае рэсурсы, тым больш што калісьці 20% загрузка магутнасцяў была, год таму. Сёння яны ўжо дайшлі да 70% загрузкі магутнасцяў за кошт пошуку новых рынкаў збыту".

Кіраўнік ведамства таксама правёў на прадпрыемстве прыём грамадзян. Большую частку набалелых пытанняў (прыватызацыя жылля, апякунства, працаўладкаванне) удалося вырашыць на месцы.