Вытворчасцямі зацікавіліся бізнесмены з Швейцарыі. Калі спецыялісты дзвюх краін дамовяцца аб супрацоўніцтве, новыя працоўныя месцы атрымаюць мінімум дваццаць чалавек. Пра перспектывы развіцця малых гарадоў - Аляксандр Харавец.
Пыльна, холадна і цёмна. Так сёння выглядае адзін з цэхаў прадпрыемства, дзе выпускаюць сухія будаўнічыя сумесі. У самыя лепшыя гады за змену маглі вырабляць да 200 тон шпаклёўкі, тынкоўкі або клеявога раствору. Сёння аб'ёмы значна меншыя, прызнаюцца на заводзе. Канкурыраваць усё цяжэй, ды і абсталяванне просіцца на пенсію.
Дырэктар і сам пагаджаецца, што пакуль прадпрыемству ўдаецца трымацца і працаваць з мінімальнай рэнтабельнасцю. Змяніць сітуацыю могуць толькі інвестыцыі.
Літаральна за трыста метраў памяшканне, якое мадэрнізавалі 4 гады таму. Сёння яно прыносіць асноўны прыбытак прадпрыемству. Тут выпускаюць фарбы.
Вось у такім своеасаблівым масажным крэсле вядро з фарбай знаходзіцца ад 2 да 4 хвілін. У выніку ўсе кампаненты тут змешваюцца, і можна атрымаць любое адценне.
Паводле слоў Дзмітрыя Дубавіка, у сезон на гэтым абсталяванні за дзень выпускаюць каля трох з паловаю тон фарбы. Менавіта ёю пакрываюць фасады большасці сталічных дамоў.
Сёння прадпрыемствам зацікавіліся швейцарскія бізнесмены. Калі перамовы будуць удалымі, новыя працоўныя месцы атрымаюць мінімум дваццаць чалавек. Яшчэ 30 жыхароў Капыльскага раёна ўжо знайшлі сябе ў новай прафесіі.
Інвестыцыі дазваляюць не проста ствараць сумесныя вытворчасці, мадэрнізаваць прадпрыемствы, але і развіваць малыя гарады. Сёлета капіталаўкладанні ў эканоміку вобласці склалі больш за трыццаць мільёнаў рублёў.













