Прадпрыемствы сталічнай вобласці дэманструюць поспехі

21 января 2016

Выходзіць на новыя замежныя рынкі нават ва ўмовах крызісу. Прадпрыемствы сталічнай вобласці дэманструюць поспехі, нягледзячы на эканамічныя складанасці. Адзін з такіх заводаў – у Вілейцы. Прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе складанай оптыкі. Зараз не толькі павялічваюць аб'ёмы вытворчасці, але і ствараюць новыя працоўныя месцы.

Антаніна Станкевіч ацаніла бізнес-стратэгію. Гэты цэх выклікае асацыяцыю з вясковай хатай 19 стагоддзя – ён падзелены на жаночую і мужчынскую палову. Аднак растлумачыць такі падзел працы няцяжка: адзін від работ патрабуе дакладнасці, другі – далікатнасці. У абодвух выпадках варта быць вельмі ўважлівымі - працаваць прыходзіцца з самым складаным абсталяваннем. Хібнасць не тое што ў міліметр – мікрон аддзел кантролю не прапусціць.

Прадукцыя гэтага прадпрыемства добра вядомая не толькі ў краінах СНД, але і па ўсім свеце. І нават сёння рынкі збыту тут пашыраюць. Простыя лічбы: калі ў 2015 выпускалі да 200 тысяч аптычных прыбораў, то сёлета замахнуліся на 300.

Акрамя таго, тут дыверсіфікуюць і саму прадукцыю. У асартыменце – медыцынскае абсталяванне, дэталі для машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны і нават мікраскопы рознай ступені дакладнасці. Такімі карыстаюцца і ў школах, і навукоўцы-даследчыкі. Дзякуючы такой стратэгіі прадпрыемства нават вымушана адкрыць некалькі новых працоўных месцаў. Для райцэнтраў сёння гэта вельмі актуальна.